Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 63

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Таварыш капітан, скажыце, калі ласка, а як там, пад Палтавай, было з артылерыяй у Пятра Першага і ў шведскага караля?

Вось гэта ён яму ўрэзаў, не дату бітвы спытаў, нават не пра яе значэнне, а менавіта — як у іх было там з артылерыяй. Мы ж артылерысты і павінны гэта ведаць. Мне нават шкада стала каштана. Не трэба было ўжо так таму Колю. Амаль дзвесце пяцьдзесят гадоў мінула ад Палтаўскай бітвы, нават унукі пятроўскіх салдат паўміралі — хто можа сказаць, як яно там было, калі ў падручніках не напісана? Ой, сядзе наш Педант у лужыну. Вядома, ён можа і Кузняцова пасадзіць на месца, каб не быў такім разумнікам, але ж тады Коля будзе перад намі герой, а капітан — тупіца. Не зайздрошчу я яму.

Але каштан у лужыну не сеў, не пасадзіў ён на месца і Колю без адказу, а пасадзіў у лужыну ўсіх нас. Аказалася, што яго і ў ступе таўкачом не зловіш. Ён, здаецца, нават абрадаваўся такому пытанню. Можа, ён адчуў у ім артылерыйскі патрыятызм, адданасць свайму роду войска? I зноў заляскатаў мел па дошцы. На ей адзін за адным узнікаюць кружочкі з трыма рысачкамі ўсярэдзіне — гэта артылерыйскія агнявыя пазіцыі, рускія і шведскія. I ўсё так дакладна і падрабязна, быццам капітан сам расстаўляў і Пятру Першаму, і шведскаму каралю Карлу іх гарматы. I тут мы дазналіся, што з артылерыяй у нас было ўжо і тады добра: рускія пад Палтавай мелі сто дзве гарматы, а шведы — трыццаць дзевяць. Ні больш і ні менш.

А ўсё гэта таму, што пакуль іх Карла разгульваў з войскам па Еўропе, уяўляючы сябе непераможным палкаводцам, цар Пётр не спаў у шапку, не сядзеў склаўшы рукі на троне, як гэта робяць іншыя цары і каралі. Цар быў і майстрам, і артылерыйстам, ды яшчэ якім — не роўня нам, бамбардзірам!

Капітан расказвае нам усё гэта з такім захапленнем, так хваліць цара, быццам той яму блізкая радня, а мы аж раты паразяўлялі. Ён проста знішчае нас рознымі цікавымі падрабязнасцямі і лічбамі. Яму ўсё вядома: колькі было забітых, параненых і палонных, колькі спатрэбілася рускім вазоў для трафейнай зброі і амуніцыі, нават колькі часу на разгром варожай арміі — дзве гадзіны і трыццаць мінут. Тут капітан паглядзеў нават на свой гадзіннік, быццам правяраючы сябе, ці правільна ён сказаў, ці не памыліўся на некалькі секунд. I калі ён паклаў мел і пачаў выціраць губы, рукі і лоб, вымаючы з розных кішэняў розныя для гэтага хустачкі, мы ўжо не звярталі на такое дзівацтва ўвагі, як быццам так і трэба. Мы былі яшчэ там, пад Палтавай, у парахавым дыме пятроўскіх гармат. Каштан нас пакарыў, разграміў і ўзяў у палон, як Пётр Першы шведаў.

Цяпер для нас Педант — жалезны аўтарытэт, і многія непрыкметна пачалі пераймаць яго замашкі і манеры. Першы Санька разжыўся ў каптэнармуса абрэзкам шынялёвага сукна і пачаў насіць яго ў задняй кішэні штаноў замест аксаміткі. Цяпер і ён счышчае пылінкі са сваіх чаравікаў гэтым сукном і мне яго дае, калі папрашу. Толік Гецьман зноў жа ў каптэнармуса выпрасіў шматок белага паркалю, быццам на падкаўнерыкі, і цяпер мае дзве насоўкі. Тады да старшыны Хамутова паткнуліся былі і іншыя, але той раптам заўпарціўся, нікому больш нічога не даў, сказаўшы, што дзяржава нам — не дойная карова.