Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 65

Iван Kiрэевiч Сяркоў

А яны кажуць — шкеты.

А наш памочнік камандзіра ўзвода, правая рука каштана Захарава? Няма больш у батарэі такога памкамузвода. Калі з нас назначалі малодшых камандзіраў і прысвойвалі ім званні, дык каму далі толькі малодшага сяржанта — дзве лычкі, каму яфрэйтара — адну, а толькі нашаму Міцьку Яцуку адразу прысвоілі званне сяржанта — тры лычкі. Зразумела, гэта не за прыгожыя вочы, а за баявыя заслугі. Ніводзін выхаванец нават, па-мойму, са старшых курсаў, не мае і заваляшчага медаля, а наш Міця — «За адвагу». Што, па-вашаму, і ён шкет?

Мы ўсе да адзінага ведаем пра яго лес. Міцька сам пра сябе неяк пасля адбою да апоўначы расказваў паўшэптам, калі ў яго спыталі пра медаль.

У нас з Санькам было жыццё — не мёд, а ў яго і зусім. Бацька загінуў на фронце, а маці згубілася ў час адной з бамбёжак у чужым для яго горадзе, куды яны трапілі з эшалонам эвакуіраваных. Дзесяцігадовы Міцька застаўся адзін, нібы палец. Хадзіў галодны і халодны, карміўся, як давядзецца, прасіў і нават краў на вакзалах у баб-гандлярак. Потым неяк прыбіўся да салдат-артылерыстаў, стаў сынам палка. Гэта было не рэдкасць у вайну. Помню, я і сам хацеў з дому збегчы са штабам, які кватараваў у нашай хаце, але салдат-кашавар перашкодзіў — знайшоў пад брызентам у штабной машыне. I мяне адправілі дамоў з боханам хлеба ў руках, не даўшы паваяваць.

А Міцьку пашанцавала, яго артылерысты прыгрэлі, і ён дайшоў з імі аж да Германіі. Там і медаль заслужыў. А подзвіг ён здзейсніў такі. У адным нямецкім гарадку, толькі што занятым нашымі, пайшоў ён з лейтэнантам са ўзвода разведкі і яшчэ адным салдатам выбраць месца для начлегу сваей батарэі. Зайшлі ў адзін пусты дом — нічога сабе, можна размясціцца. I салдатам ёсць дзе адпачыць, і гарматы ёсць куды паставіць. Лейтэнант з байцом хадзілі наперадзе, а Міцька ўсё адставаў, разглядваў нямецкае жыллё разявіўшы рот. I раптам бачыць ён, што з-за вушака дзвярэй, міма якіх лейтэнант з салдатам прайшлі, не заглянуўшы, высунуўся фашыст і цэліцца з аўтамата яго баявым сябрам у спіны. Але... першы паспеў выстраліць Міцька. У яго руцэ быў трафейны пісталет «вальтэр». Хваліцца Міцька не будзе, ён не застрэліў фашыста — прамазаў. Затое лейтэнант паспеў адскочыць за вугал, а потым даць па тых дзвярах аўтаматную чаргу і зрэзаць фашыста напавал. Калі б Міцька не адстаў, а хоць на мінуту разгубіўся, лейтэнанту, а то і ўсім траім была б амба. Вось за гэта Міцьку і далі медаль — за выратаванне камандзіра, за адвагу і знаходлівасць. Вось які ў нас памкамузвода, сяржант Дзмітрый Яцук. А дзядзькі кажуць — шкеты.

Пасля вайны Міцьку была прамая дарога ў сувораўскае вучылішча, але на яго пісьмо адазвалася з дому маці. Міцька і надзею згубіў, што калі-небудзь яе знойдзе,— адазвалася. Была яна пад той бамбёжкай, калі яны разлучыліся, цяжка паранена і лячылася па шпіталях. Затым вярнулася дамоў. Якое там сувораўскае вучылішча — хутчэй да маці! Ды і не хацеў ён у сувораўскае, у пяхоту, паваяваўшы ў артылерыі.