Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 62

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Гучна пастукваючы, па класнай дошцы забегаў мел. Капітанская рука чэрціць лініі, вуглы і дугі імгненна, упэўнена і прыгожа без лінейкі і цыркуля. Стракацяць кулямётам мелавыя пункціры. Адначасова капітан паспявае тлумачыць, што робіць яго рука ў даны момант: чаму яна правяла прамую лінію, чаму перарывістую, чаму намалявала вугал і чаму гэты вугал менавіта такі, а не большы і не меншы, і што было б тады, калі б так не было.

Мы не паспяваем звяраць чарцёж на дошцы з чарцяжом у падручніку, усё яшчэ спадзеючыся, што каштан спатыкнецца — зробіць памылку. А ён чэша, нібы па пісаным, і растлумачвае яшчэ больш зразумела, чым Фаіна Маркаўна. У рэшце рэшт ён з сілай дзеўбануў дошку мелам — паставіў кропку. Усё. Тэарэма даказана. Далонню аб далонь ён абцерушыў з рук мелавую пудру і, абвёўшы клас насмешлівым позіркам, сказаў, нібы варам абварыў:

— Гэта не зразумела толькі тэлеграфнаму слупу. Ці і яшчэ каму-небудзь не зразумела?

Не, нам усім ясна, што капітана геаметрыяй не ўкусіш. Ён абцёр рукі спачатку анучкай, якой мы выціраем дошку, а затым — і ружовай хустачкай з правай кішэні кіцеля. 3 левай кішэні ён выцягнуў блакітную хусцінку і прамакнуў, нібы прамакаткай, лоб, на якім выступіў пот. У жоўты насавік ён высмаркаўся, калі ўжо сеў за стол. Усе пераглянуліся і заўсміхаліся, але ўголас ніхто не хіхікнуў: усё ж такі не хто-небудзь, а капітан, вельмі не разрагочашся. Я быў гэтым так уражаны, нават рот адкрыў. Колькі жыву, такога чыстаплюйства не бачыў. Гэта ж колькі трэба было б каптэнармусу насавікоў нам раздаць, калі б і ў нас былі такія манеры. Вось бурчаў бы, што дзяржава нам — не дойная карова.

На перапынку мы выбеглі на гэты раз не ў калідор, а на двор і там па-за гарматамі часоў імперыялістычнай вайны, далей ад капітанскага вока і вуха, нарагаталіся да колікаў у жываце. Аказваецца, тры хустачкі — гэта яшчэ што! Мішка Цыганкоў — ёсць у нас такі штукар ва ўзводзе — пяць уяўных насавікоў скарыстаў, перадражніваючы капітана: адзін — зноў жа на рукі, другі — на лоб, трэці — на нос, а чацвёрты і пяты — на губы і на вочы. Так ён жыва нам усё гэта паказаў, што кіно — і годзе.

Але як мы ні смяяліся, а усё ж павінны былі прызнаць, што капітан у матэматыцы — малаток. Калі ён у гісторыі і літаратуры так петрыць, тады многае можна яму дараваць, нават і тое, што — педант. Толькі якую б яму шпільку падсунуць, якую вайну, які бунт, каб ён макам сеў?

— Нічога, я яму загадаю загадку,— паабяцаў усім той жа Коля Кузняцоў, які сам сябе лічыць разумнейшым за нас.— Ён у мяне пагарыць, як швед пад Палтавай.

Што гэта будзе за такая загадка, Коля нам не прызнаўся, не палічыў патрэбным, і праз дзесяць мінут і нуль секунд мы сядзелі ўжо ў класе, стомленыя ад смеху. Перад намі падручнікі па гісторыі, але ніякая гісторыя не лезе ў галаву. Цікава, што там за такую загадку прыдумае наш маскоўскі мудрэц, ад якой капітану будзе так, як шведам пад Палтавай. Усе мы сядзім і паглядваем то на Колю Кузняцова, то на камандзіра-выхавацеля, які і не падазрае, што пад яго вядзецца падкоп. I вось яно пачынаецца. Коля зноў падымаецца з-за стала і зноў такім рахманым, нявінным голасам пытае: