Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 60

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Я вас наскрозь бачу,— заканчваючы сваю мараль, звычайна хваліцца капітан сваёй празорлівасцю.

Але і мы яго раскусілі — не сляпыя. Павага, якая была зацяплілася, калі ён прыйшоў на страявы агляд увесь ва ўзнагародах, паціху пачала атухаць, і ён ужо носіць у нас мянушку Педант.

У вестыбюлі вучэбнага корпуса вісяць намаляваныя салдаты, сяржанты і афіцэры, а зверху друкаваны надпіс: «Форма адзення ваеннаслужачых Савецкіх Узброеных Сіл». Ды можна падумаць, што малюнкі афіцэраў на той плакат рабілі з нашага капітана, толькі губы намалёваны меншыя, не як каржы-скавароднікі.

Усе афіцэры ў вучылішчы — акуратысты, а капітан Захараў — акуратыст адпеты. Ён увесь такі адпрасаваны, бліскучы, падкаўнерык заўсёды бялейшы за снег, боты — глядзецца можна. Адным словам, прыходзіць на службу, нібы на парад або ў сваты. 3-за сваіх ботаў ён заўсёды ў задняй кішэні штаноў носіць аксамітку, акуратна загорнутую ў паперу. Ад казармы да «вучэбкі» прайшоў — аксамітку з кішэні, і ўмомант на яго ботах ні пылінкі. У казарму вернемся — зноў аксамітку пускае ў ход. I дзіўная рэч — боты ж, вядома, у ваксе, а капітанская аксамітка заўсёды чыстая, нібы новая. I як жа назавеш такога чалавека, калі не Педант?

А вось з аблічча капітан няўдалы. Там, на малюнках, усё прыгажуны маляваныя, а ў яго і залысіны, і поўныя шчокі ў рэдкім рабацінні, а пра губы вы ўжо ведаеце. Затое ён заўсёды чыста паголены, наадэкалонены, і ёсць падазрэнне, што капітан пудрыцца.

Але гэта яшчэ — не дзівацтва. Дзівацтва — што ён узяў сабе ў галаву і нам хоча ўдзяўбці, быццам на свеце трэба жыць па гадзінніку мінута ў мінуту. Самападрыхтоўка ў нас пачынаецца роўна ў пятнаццаць гадзін, калі запіпкае радыё, даючы сігналы дакладнага часу, цюцелька ў цюцельку. Яна ідзе роўна чатыры гадзіны і нуль секунд — ні болей і ні меней. Праз кожныя пяцьдзесят мінут нам даецца перапынак — дзесяць мінут і таксама нуль секунд. Аднойчы дзяжурны забыўся выцерці перад заняткамі дощку. На гэтую справу па капітанскаму гадзінніку яму спатрэбілася дзве мінуты. У той дзень самападрыхтоўку мы скончылі пазней на дзве мінуты і нуль секунд. Словам — педант. Над ім пасмейваюцца нават афіцэры:

— Таварышы, праверце гадзіннікі — маёр Захараў ідзе.

I што вы думаеце? I правяралі, і падкручвалі. Па батарэі хадзіў такі жарт: па Захараўскаму гадзінніку звярае час маскоўскае радыё. Нам, яго выхаванцам, гэта падабаецца і не падабаецца. Падабаецца тады, калі іншыя ўзводы пасля самападрыхтоўкі яшчэ слухаюць натацыі па дзесяць, а то і пятнаццаць мінут. Капітан Захараў і на секунду не затрымае. Не падабаецца ж тады, калі іншых адпускаюць на мінуту-другую раней, калі ўсе ўжо выбягаюць з класаў, а мы яшчэ сядзім. Каштан Захараў і на секунду раней не скамандуе «ўстаць!».

Сярод старшакурснікаў пра нашага каштана ходзіць такая легенда. Кажуць, аднойчы правяраць вучылішча прыехала нейкае высокае начальства, нейкі вялікі генерал ледзь не з Масквы.

Пасля праверкі назначыў той вялікі генерал збор усяму нашаму афіцэрству ў вызначаны час, каб пахваліць, а хутчэй за ўсё даць наганяй. Зразумела, тут кожны прыбег крышачку раней, каб не спазніцца. I вось той наганяй сама пачаўся, як з'явіўся капітан Захараў.