Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 59

Iван Kiрэевiч Сяркоў

3 пачаткам вучобы наша жыццё пайшло па строгаму парадку. Няма ўжо той мітусні, якая была ў першыя дні майго вайсковага жыцця: скончыліся санітарныя апрацоўкі і медыцынскія агляды, чэргі пад дзвярыма капцёркі і ліхаманка перад страявым аглядам. Цяпер мы наперад ведаем, як пройдзе дзень: пад'ём, фіззарадка, умыванне, чыстка гузікаў, прышыванне свежых падкаўнерыкаў і ранішні агляд. Правераць нашы малодшыя камандзіры, як мы прычапурыліся,— і з песняй на снеданне. Затым з песняй на заняткі, з заняткаў — з песняй на абед. Весела жывём.

Пасля абеду адпачынак — «мёртвая» гадзіна. Хочаш спі, хочаш не, а ў пасцель кладзіся і нішкні, іншым сон не трывож. Не адсохла таму галаву, хто гэтую «мёртвую» гадзіну выдумаў. Адна марока з ёй: то распранайся, то апранайся, то разбірай пасцель, то зноў засцілай, а спаць і няма калі. Калі б яны амярцвілі гадзіны дзве-тры, дык можна было б і паслухаць, як шэпчацца пер'е ў падушцы. А так не варта і засынаць. Я звычайна думаю пра сваю вёску, пра радню, пра Кацю. Цікава, паступілі яны з Сонькай у тэхнікум ці не? Штосьці няма на мае пасланне ні пісьма, ні прывітання. Хочацца загаварыць пра гэта з Санькам, ложак яго побач з маім цераз праход, але той, відаць, па яфрэйтарскаму абавязку прыкідваецца, што спіць. Як тая ліса, спіць і курэй бачыць.

Пасля «мёртвай» гадзіны — зноў з песнямі ў клас. Пачынаецца самападрыхтоўка да заўтрашніх заняткаў, або, як сказаў бы шпак, мы вучым урокі. Тут ужо ніхто табе ў гэтым не перашкодзіць, ніхто не скажа «ідзі курэй з проса згані», ці «дроў насячы», ці «вады прынясі», як гэта дома часта рабіла бабуля. Калі ў хаце ці на агародзе была работа, у яе па маёй вучобе галава не балела. А тут у нашага начальства баліць. Ад чаго-чаго, а ад самападрыхтоўкі не сачканеш. 3 намі на самападрыхтоўцы заўсёды капітан Захараў. Мы робім практыкаванні, рашаем заданы, а ён, каб у класе было ціха, сядзіць за выкладчыцкім сталом і чытае тоўстыя раманы.

Калі ў капітана раман вельмі цікавы, тады мы, вывучыўшы формулы і вершы, можам ціхенька і пашаптацца, напісаць дамоў Ці сяброўцы жыцця. Хто ўмее, можа і маляваць, ці, як Санька, складваць вершы, або, як і капітан, узяцца за «Трох мушкецёраў», або і проста лунаць у паднябессі. Крый божа, калі кніжка ў капітана сумная. Тады ён часта ад яе адрываецца, падымае вочы на кожны шорах, а то і ходзіць паміж сталамі, з якіх умомант знікаюць пісьмы, вершы, малюнкі і «мушкецёры». Бывае, што хто-небудзь і не паспее схаваць. Тады перад ім трэба ўставаць і, стоячы навыцяжку, слухаць натацыю. Яго натацыі кароткія, не тое што ў падпалкоўніка Асташэўскага, але са шпількай. Спачатку нас пацяшалі яго любімыя слоўцы пра племя мумбу-юмбу, а цяпер крыўдзяць, у іх чуецца пагарда і насмешка. Гэта ж ён, мабыць, нас лічыць за дзікуноў.