Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 58

Iван Kiрэевiч Сяркоў

I што ж, думаеце, мы вучым? Фізіку, геаметрыю, трыганаметрыю, літаратуру і мову, гісторыю і розную іншую заалогію. Ну, матэматыка нам трэба. Гэта, як гаворыцца, хлеб артылерыста. А навошта нам стары Дзяржавін з яго одамі разам? А навошта нам розныя жукі, чарвякі і нават млекакормячыя драпежнікі? Без іх што — страляць нельга? А яшчэ ў класе над дошкай партрэт палкаводца Кутузава павесілі. Глядзіць на нас той палкаводзец са сцяны адзіным сваім вокам і, мабыць, думае: эх вы! Знайшлі чым займацца,

А яшчэ транспарант павесілі над пад'ездам, дзе стаяць дзве трохдзюймоўкі: «Артылерыя — бог вайны». Пры такой навуцы і рак на гары свісне, пакуль станеш гэтым богам.

Не, а хто нас вучыць! Мы думалі, што будуць адны маёры ды палкоўнікі, а на першы ж урок па матэматыцы прыйшла тая самая змяя, што прымала ўступныя экзамены, чорная, у акулярах. Цяпер яна назвалася — Фаіна Маркаўна. Ды і апрача яе хапае цывільных выкладчыкаў. Усе гэта настаўнікі з гарадскіх школ. Праўда, кажуць, што генерал выбраў самых лепшых, але ж усё адно — без пагонаў. 3 выкладчыкаў было ўсяго чацвёра вайскоўцаў, і сярод іх, на здзіўленне,— выкладчык рускай літаратуры і мовы. Вось ужо што выкладаць цывільнаму чалавеку і бог казаў. Дык — не, даручылі маёру, а матэматыку, бачыце, Фаіне Маркаўне.

Яно няхай бы было і так, але ж перад пачаткам кожнага урока, мы, людзі ў пагонах, ды і не ў абыякіх, павінны пры з'яўленні ў класе нейкай там, скажам, Ганны Сцяпанаўны, падаваць каманду «ўстаць, смірна!», а потым яшчэ і рапартаваць, што наш узвод да заняткаў гатовы, быццам перад намі сам камбат. А ніхто ж не падумаў, як гэта прыніжае наш гонар, нават сам генерал. Вядома, многія з настаўнікаў самі гэта разумеюць і не чакаюць рапарту, а адразу махаюць рукой, маўляў, садзіцеся. Але ж не такія, як Фаіна Маркаўна. Гэта любіць рапарты, слухае іх ад пачатку і да канца, стоячы і сама навыцяжку. Кажуць, што апрача грошай цывільнаму настаўніку даюць у нас яшчэ і сухі паёк: розныя прадукты, што па цяперашнім галодным часе даражэй за грошы. Вось яна і стараецца, здымае з нас скуру. Мы яе баімся не менш за камбата.