Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 57

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Мы ўсе ў недаўменні: ну і што, добра гэта ці дрэнна? Па-мойму, дык нічога ў гэтым кепскага няма, было б значна горш, калі б мы не праспявалі гэтае самае «распрагайце», а прайшлі моўчкі, нібы нямкі. А падпалкоўнік вірадуе:

— Артысты пагарэлага тэатра! Таксама мне — хор Пятніцкага! Можа, у наступны раз і ў скокі пойдзеце? Запявала, выйсці са строю!

Выйшлі адразу двое: той, што быў прызначаны старшыной, ды згубіў голас, і добраахвотнік Гецьман — выйшлі, як на плаху, з пакаяннымі галовамі.

— Хто з вас запяваў, а хто свістаў?

Тут і Санька выйшаў, нібы на гарачую патэльню. Ну, думаю, дасвістаўся і мой міленькі дружочак, а то ўсё мне ды мне. Зараз падпалкоўнік дасць такога жупла, што будзе помніць да новых венікаў, перастане нос задзіраць, будзем мы адным мірам мазаныя.

Убачыўшы гэтую троицу, камбат нібы абрадаваўся:

— А-а, вось яны — запарожцы. Казацкая вольніца. Падавай ім коней.

I звярнуўся да строю:

— Можа, яшчэ хто ведае і «Гоп са смыкам», дык заадно выходзь.

Па праўдзе сказаць, я ведаю, але дудкі выйду, няхай не спадзяецца.

Скончылася гэта ўсё, як і заўсёды, натацыяй. Ён не дазволіць, каб мы тут разводзілі казацкую вольніцу. Ах, мы — запарожцы, ах, гайдамакі! Мала нам добрых страявых песень? Але справа не дайшла да таго, што ён «запарожцаў» павыганяе і будуць яны, невукі, тады чытаць шыльды па складах,— у пад'ездзе зазвінеў электрычны званок. Нам каманда — па класах, а камандзірам узводаў — застацца. Мабыць, будзе і ім жупла без нас, асобна.

Педант

У вайсковым вучылішчы — не ў нашай сельскай школе. Мінула ўжо два гады пасля вайны, але там і дагэтуль сядзяць вучні за самаробнымі з грубых дошак даўжэзнымі «партамі» па шэсць-сем чалавек і пішуць на старых газетах замест сшыткаў. А тут мы расселіся з Санькам за фарбаваным сталом удвух, нібы якое начальства. I падручнікаў — не адзін на ўвесь клас, а на кожнага ўсе. Сшыткі таксама сапраудныя, як даваенныя, папера белая і гладкая, аж пісаць на ей шкада. Пра ручкі, алоўкі і гаварыць не варта. Гэта тут і за дабро не лічыцца. I пра чарніла галава не баліць, не забывай толькі падліваць яго з бутэлькі, якая стаіць за шафай. Адным словам, калі урока не вывучыш ці палянуешся рашыць задачы, дык і спаслацца няма на што. Тут не скажаш, што кніжкі не было ці Глыжка адзіную тваю чарніліцу ў школу занёс, дык не было чым пісаць. Адно што ручкі былі не аўтаматычныя, як у Лёвы, якую ён прывёз з дому. Гэта была трафейная ручка з «вечным» пяром і гумавай піпеткай. Яна набірае ў сярэдзіну столькі чарніла, што хоць цэлы дзень пішы, а ўсяго не выпішаш. Праўда, пасля кожнай чарговай запраўкі ў Лёвы заўсёды сінія рукі, а бывае, што яна і пускае лужыны на паперы. Але Лёва ей усё роўна даражыць і ганарыцца, а мы яму зайздросцім. Такой мы з Санькам і ў жыцці не бачылі. Шкада, што і нам такіх не выдалі.

Але, на вялікі жаль, вучаць нас не таму, на што мы з Санькам, паступаючы ў вучылішча, вельмі разлічвалі. А мы разлічвалі, што няхай сабе і не з першага дня, але ж хоць праз месяц-другі нас пачнуць дапускаць і да гармат, калі тут вучылішча артылерыйскае, а там, глядзіш, хоць у канцы навучальнага года пачнём ужо і весці агонь. Калі нейкія там дзяўчаты-зенітчыцы стралялі ў вайну за нашымі агародамі па нямецкіх самалётах, дык хто ж нас, думалася, будзе марынаваць? Нас навучыць лягчэй: мы смялейшыя за дзяўчат — раз і мужчыны — два. Але да якіх гармат нас пакуль што толькі дапусцілі, дык гэта да тых, што стаяць каля параднага пад'езда вучэбнага корпуса на драўляных, абкаваных жалезам колах. Як нам сказаў наш каштан Захараў, гэта гарматы часоў першай імперыялістычнай вайны, так званыя трохдзюймоўкі. У свой час гэтая гармата славілася сваей скарастрэльнасцю, за што яе называлі яшчэ «каса смерці». Цяпер дзве гэтыя «касы» стаяць каля пад'езда, і побач з імі нашы старшакурснікі іншы раз фатаграфуюцца «на памяць», прымаючы розныя гераічныя позы. Мы ім зайздросцім, але нам не было яшчэ калі і дыхнуць, а галоўнае — у нашай батарэі няма і занядбалага фотаапарата. I вельмі шкада, бо Лёва гаворыць, што ён змог бы. А пакуль што мы можам толькі пастаяць каля гарматы, пакратаць яе рукамі, а то і пасядзець на металічнай станіне, афарбаванай у зялёны колер. Вось табе і ўся артылерыя. Так што агонь мы будзем весці, мабыць, не скора.