Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 56

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Але тут, як на тое гора, высветлілася, што наш запявала асіп. Яшчэ ўчора ён добра заводзіў наш любімы з Санькам «Марш артылерыстаў», а сёння сіпіць гусаком. Ці ён вады з-пад крана перапіў, бо на вячэру была салёная траска, ці перагрэўся, а потым пасядзеў на скразняку — сіпіць.

Вось ужо каля генеральскай світы старшакурснікі дружна грымнулі: 

Взвейтесь, соколы, орлами, Полно горе горевать. То ли дело под шатрами В поле лагерем стоять!

Не паспела ўлегчыся рэха ад «сокалаў»,— новая батарэя:

Стоим на страже Всегда-всегда, И если скажет Страна труда: «Дальневосточная, смелее в бой!..»

А ў нас паніка, поўны канфуз. Камандзір першага ўзвода маёр Варэніч разгубіўся. Хто яшчэ ўмее запяваць? Ніхто не ўмее, а можа, і ўмее, ды не асмеліцца. Што ж гэта будзе, калі ўсе пройдуць з песнямі, а мы — моўчкі? Што падумае генерал? Нам трэба ўжо набрацца голасу, а мы яшчэ і не пачыналі, хоць да генерала нейкая сотня-паўтары крокаў. Уліплі. Узнялі настрой свайму камбату, называецца.

I раптам, калі ўжо да нашага канчатковага правалу заставалася крокаў пяцьдзесят, Гецьман з Чарнігава, Толік-ціхоня, завёў чыстым высокім голасам:

Распрагайце, хлопцы, коней Ды лягайце спачываць, А я пайду ў сад зялёны, Ў сад крынічаньку капаць.

Нашы афіцэры, я думаю, каб маглі, дык пад зямлю праваліліся б. Капітан Захараў за галаву схапіўся, але ніхто чамусьці каманды «адставіць» не падаў. Відаць, вырашылі: гінуць — дык з музыкай. Але песня надзіва наладзілася. Толіку кінуўся на падмогу і я, а потым і Санька. Мы гэтую песню ад яго маці-хахлушкі перанялі. Знайшліся і яшчэ хлопцы, што падтрымалі. А хто слоў не ведаў, той проста голас пад матыў пачаў падаваць. А прыпеў з другога разу ўсе падтрымалі. Ён такі просты, што там і запамінаць няма чаго. А тут яшчэ Санька як свісне! А мы ўсёй батарэяй:

Эх! Раз, два, тры, каліна, Чарнявая дзяўчына Ў садзе ягады брала!

Праходзім мы міма генерала, а наш камбат, які стаіць каля яго, і вочы рукой закрыў, ці то каб лепш у песню ўслухацца, ці то каб нас і не бачыць. А генерал нічога — стаіць і ўсміхаецца.

Гэтай песні нам хапіла якраз да вучэбнага корпуса. Перад самым уваходам Санька апошні раз свіснуў, мы гаркнулі:

Эх, крынічаньку капаць!

I — батарэя, стой! Усе мы крыху ўзбуджаныя ад перажытага, узбуджаныя і задаволеныя, што так добра выкруціліся з гэтай песняй, што не разгубіліся ў крытычны момант і пастаялі за гонар роднай батарэі. Афіцэры, бачым, таксама павесялелі, так што нас могуць за знаходлівасць яшчэ і пахваліць.

Пакуль камандзіры ўзводаў нам расказвалі, якім парадкам разыходзіцца па класах і як сябе паводзіць на занятках, падаспеў і камбат. Ён быў таксама ўзбуджаны, але не так радасна, як мы, а хутчэй наадварот — проста кіпеў ад абурэння. Мы стаім па стойцы «смірна», а падпалкоўнік ходзіць перад намі туды-сюды. Нарэшце, ён спыніўся і яхідна сказаў:

— Мы можам сябе павіншаваць, таварышы афіцэры. Вы ведаеце, як генерал адазваўся аб нашай батарэі? Вясёлая батарэя — вось як!