Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 51

Iван Kiрэевiч Сяркоў

А з гузікамі колькі марокі? Век я іх насіў дагэтуль і ніколі не чысціў. Мне і ў галаву такое не магло цюкнуць. А тут выдумалі, каб медзь золатам блішчала. Ды і напрышывалі ж іх процьму. Далі нам дошчачкі са шчылінамі, куды гузікі трэба запіхваць, і мы шуруем шчоткамі ды паплёўваем на свае шураванне, пакуль яно не пазалоціцца.

У старшыны-каптэнармуса Хамутова з намі клопатаў поўны рот. У калідоры каля электраразетак паставілі два сталы, ён вынес з капцёркі два электрапрасы, а цяпер дрыжыць, каб мы не папалілі свае штаны, таму што не-не ды і запахне гарэлым. Хто зусім не ўмее, таму ён сам дапамагае прасаваць, а тым часам і вучыць.

Зусім не ўмею і я. Дзе я мог такому навучыцца? Я прас бачыў толькі ў адной нашай настаўніцы, дык у той жар з печы насыпалі. А ў нашай хаце для прасавання рубчастая качалка ёсць. Вось калі б мне яе далі, дык не горш за бабулю змог бы. А то засцілай штаны спачатку нейкай марляй, фыркай на марлю вадой і толькі потым ужо ездзі па стале прасам. А што там, пад марляй, са штанамі робіцца, дык хваробу ты ўбачыш.

Старшына Хамутоў глядзеў-глядзеў на мае здзекі над штанамі і плюнуў — узяўся вучыць. Доўга вучыў і як штаніны складваць, каб «стрэлка» была акурат пасярод, і як пальцам спрабаваць, ці гарачы прас, і як пырскаць вадой, каб яна імжыла, а не біла з рота струмянём, нібы з крана. Калі навука скончылася, мне, ужо навучанаму, і рабіць не было чаго — штаны адпрасаваліся ўсім на зайздрасць. «Стрэлкі» вострыя, нібы лязо.

Перш чым генерал, свой агляд нам зрабіў камандзір батарэі. Ён і камандзіры ўзводаў пералічылі на нас усе гузікі і гаплікі, бязлітасна выкаранілі да адзінай маршчыны на жыватах, праверылі, быццам добрыя гаспадары вупраж на конях перад далёкай дарогай, як падцягнуты паясы, пацікавіліся, ці начышчаны нават заднікі чаравікаў, ведаючы наш агульны грэх чысціць абутак толькі спераду, як гаворыцца, для старшыны, і мала таго — скамандавалі паказаць рукі, быццам баяліся, што ў нас не ўсе пальцы на месцы. Не, пальцы аказаліся на месцы, але ў многіх былі пазногці з жалобнай палоскай. Давялося таму-сяму ісці караціць кіпці.

Але і пасля ўсяго гэтага начальству не хацелася распускаць строй. Здаецца, калі б можна было, камбат да заўтрашняга дня трымаў бы нас, каб мы не садзіліся, не лажыліся, не згубілі свой глянец да генеральскага вока.

Трывога начальства перадалася і нам. Калі бывалыя афіцэры так турбуюцца перад гэтым самым страявым аглядам, дык пра нас i гаварыць няма чаго. Так, мабыць, і жаніхі не хвалююцца перад вянцом. Ой, што гэта будзе? Кожны з нас, кладучыся спаць, ужо так акуратна і далікатна складваў сваю вопратку нанач, быццам была яна не са звычайнай, а з заморскай тканіны, з якой і шыюць толькі прынцам. Барані божа, каб «стрэлкі» папсаваліся. А калі б на яе хто сеў, хоць і незнарок, ці як-небудзь інакш пакамячыў, дык таго кожны з нас жыўцом з'еў бы.

I што вы думаеце? Знайшоўся такі адчайны чалавек. Раніцай кінуўся я апранаць гімнасцёрку — і не магу апрануць: рукаў завязаны тугім вузлом. Не думаў я, што і тут знойдуцца такія ж жартаўнікі, як і ў нас, у Падлюбічах. Гэта, бывала, пойдзеш купацца на возера, плаваеш, ныраеш, а пра штаны не забывай — падыдуць на бераг хлопцы з чужога гурту і такога табе вузла засабачаць, што будзеш паўдня развязваць зубамі, прадаючы дрыжыкі галяком. А тут жа казарма, днявальны на варце, і ўсё роўна ўмудрыўся якісь чорт. У роспачы ад таго, што не мінуць мне новага пакарання, стаў я ў строй у майцы, трымаючы гімнасцёрку ў руках.