Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 53

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Паглядзеў наш узвод на свайго капітана Захарава і зашаптаўся. Усе мы адразу заганарыліся. Дарма што капітан лысаваты і слепаваты, затое ў яго на грудзях іканастас — будзь здароў: дзве Айчынныя вайны, баявы Чырвоны Сцяг, дзве Чырвоныя Зоркі і медалёў не злічыць. Вядома, што і ў астатняга нашага афіцэрства не пустыя грудзі, але ў каштана ўзнагарод больш. I, нягледзячы на свае заслугі, ён на нас яшчэ ні разу не накрычаў, нікога не назваў разгільдзяем і расцяпам. Мы толькі чулі ад яго адно: «У, племя... мумба-юмба!» Мы пачынаем яго пакрыху любіць. Мы нават яму мянушку яшчэ не далі.

Але больш за ўсё мяне ўразілі не шыкоўныя мундзіры і не мноства ўзнагарод, мяне проста ашаламілі афіцэрскія белыя пальчаткі. Такое цяжка ўявіць сабе і ў сне: чырвоныя камандзіры і дваранскія белыя пальчаткі. Ходзяць тут, бачыце, князямі, быццам і не нашага роду-племені. Добранькі б я быў калі б з'явіўся ў сваіх Падлюбічах у белых пальчатках сярод лета. От, сказалі б, запанеў. Ды ўсе людзі пальцам на мяне паказвалі б.

Здзівіў нас той раніцай і старшына-каптэнармус Хамутоў. Няма чаго граху таіць, першыя два-тры дні, калі старшына нас мыў, апранаў і ўкладваў спаць і мы не ведалі яшчэ пра субардынацыю, то думалі, што ён тут цар, бог і вайсковы начальнік. А потым, калі Юрка Калдоба — страявы старшына — перад строем аб'явіў, што справа каптэнармуса толькі «шмоткі», мы перасталі таму і чэсць аддаваць. Падумаеш, кладаўшчык у пагонах, а мы — будзем афіцэрамі. Праўда, ён і не дабіваўся нашай «чэсці», а больш назаляў нам іншымі, на наш погляд, дробязнымі прычэпкамі: убачыць збіты насок чаравіка і пачне бурчаць, што на нас не напасешся; гузік згубіўся — дзяржава нам — не дойная карова; мыла нехта забудзе ва ўмывальні — зноў бяда, зноў пра дзяржаву напомніць. А то раніцай перад снеданнем нас пастрояць, і ён пачынае рабіць праверку на «форму дваццаць чатыры». Мы трымаем перад сабой вывернутыя майкі, а ён вышуквае «дыверсантаў». Знойдзе хоць аднаго на ўвесь узвод і ўвесь узвод пагоніць у той жа дзень у лазню. Астатнія насміхаюцца — вашыўцы. Ну, за што яму казыраць?

А сёння мы паглядзелі на яго новымі вачыма. Выйшаў ён на пастраенне, а на грудзях — тры ордэны Славы! Вось табе і мешкаваты дзядзька з калгаса. Камбат і той першы казырнуў старшыне і нават паздароўкаўся за руку. Выходзіць, што наш кантэнармус — герой. Цікава даведацца, што ён такое зрабіў там, на вайне? «Славу» абы за што не даюць, гэта з нас кожны ведае. Шкада, што ніхто не асмеліўся ў яго спытаць пра гэта ў лазні, калі ён нас парыў. Мне кінуліся тады ў вочы яго шрамы на спіне і на плячы. Але што гэта цяпер за дзіва? Цяпер болей мужчын са шрамамі, чым без іх, ёсць без рук, без ног, сляпыя і абгарэлыя, толькі вельмі рэдка каторы з іх з трыма «Славамі», як наш каптэнармус. Не ведаю, як хто, а я цяпер яму буду чэсць аддаваць.