Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 50

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Саньку добра — ён паэт, сядзіць сабе, на столь вочы задраўшы, і штосьці шэпча, быццам моліцца. Гэта ён на столі рыфмы вышуквае, а потым ужо іх запісвае. Вядома ж, не маці складае верш, а сваёй Кучараўцы. Што ў яго там выходзіць, не падгледзіш — далонню закрывае.

Але і я выйсце добрае знайшоў, напісаў — будзь здароў! Служба, маўляў, у нас суровая. Не сёння-заўтра пачнуцца артылерыйскія стрэльбы. Некаторыя, праўда, іх баяцца, а мне — напляваць. Але і пры такой службе я ўспамінаю сваё сяло і «нашы з табой сустрэчы». Пра «сустрэчы» я, зразумела, падпусціў для лірыкі, каб не аддавала адной службай ды салдатчынай, а якія то былі «сустрэчы» — няма там чаго і ўспамінаць. Іншыя хлопцы, кажуць, што абдымаліся, а то і да пацалункаў даходзіла. Толькі трапілася ім не Каця. Гэта ж — як дзікая каза. Ледзь што не па ёй — і дай бог ногі. Так што сама і вінавата, што былі ў нас з ёй такія «сустрэчы». I закончыў я сваё любоўнае пасланне добра, таксама вершамі, як і Санька, а можа, яшчэ і лепшымі, чым у яго. Я запомніў, як старшакурснікі спявалі ў страі:

Прощай, не горюй, Слез горьких не лей, А лучше поцелуй, Когда вернусь из лагерей!

Так я ўсё і напісаў. Толькі сумняваюся, каб яна ліла па мне горкія слёзы.

Канверты каптэнармус нам даў фабрычныя, толькі без марак. Замест марак на іх сінія трохкутныя штэмпелі са словам «вайсковае». Для нас гэта яшчэ лепш за марку — адразу відаць, што пісьмо пісаў не абы-хто. Штэмпеля мне здалося мала, таму ў куточку канверта я вывеў друкаванымі літарамі слова «вайсковае» ды яшчэ і падкрэсліў тлустай лініяй. Я помню, як людзі хваляваліся ў вайну, калі атрымлівалі такія канверты. Няхай і ў Каці заб'ецца сэрца.

Батарэя цi казацкая вольнiца?

Заўтра першы дзень вучобы, заўтра ўрачысты развод на заняткі. Начальнік вучылішча генерал-маёр Сцяпанаў з гэтай нагоды будзе рабіць страявы агляд, а затым прымаць парад. Гэта, мабыць, штосьці ўжо такое незвычайнае, што і свет не бачыў. Наша батарэйнае камандаванне на чале з падпалкоўнікам Асташэўскім у такой жа паніцы, у якой была і мая бабуля, калі пачула, што мяне выклікае сам генерал. Дык яна ж турбавалася, што мяне няма як апрануць, каб выправіць у людзі. А тут мы апрануты з іголачкі, ды начальству здаецца, што мы не ўмеем насіць свае абновы — няма выпраўкі. Гімнасцёрка моршчыцца на жываце, а трэба, каб маршчыны былі за спіной, а жывот — гладкі, нібы барабан. Белыя падкаўнерыкі прышыты ў каго як: то тырчыць на цэлы палец, то іх зусім не бачна, то гармонікам, то сікась-накась. Юрка пастроіць батарэю, праверыць і паадрывае цераз двух трэцяму. Я прышыў нічога сабе, а Юрка адпароў — белая нітка яму не падабалася, яна наскрозь прайшла пункцірам вакол каўняра. Думаў, што сыдзе і так — не сышло.