Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 48

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Падпалкоўнік адышоўся ўбок, каб здаля пабачыць, як яно пойдзе далей пасля яго растлумачэння, а Юрка-старшына зноў:

— Бата-а-рэ-я-я!

А барабан: бум-бым, бум-бым. На «бум» — левай нагой, на «бым» — правай. Тут і мудрасці, аказваецца, на паўкіпця. Пайшла батарэя нібы па масле! Юрка вакол строю ўецца: то яму раўненне не падабаецца, то здаецца, што ў кагосьці адмах рукі няпоўны, то хтосьці ногі нізка падкідвае, то тулава нехта заваліў, а нехта згорбіўся, то нашы падбародкі не на аднолькавым узроўні — словам, хапае клопатаў і начальству. А тут яшчэ ў першай шарэнзе такая агіднасць выявілася — ходзіць там адзін шыварат-навыварат, якой нагой ступае, тую і руку наперад выкідвае. Захацеў бы, дык так не зробіш. Хіба спецыяльна натрэніраваўшыся. Давялося гэтага артыста вывесці са строю, і цяпер ён са сваім камандзірам узвода маршыруе асобна, разбіраецца там са сваімі рукамі і нагамі.

А я хаджу і спрабую ўявіць сабе, што ў мяне на галаве шклянка з вадой, ды яшчэ перажываю за свой музычны слых. Камбат жа гаварыў, каб слухалі толькі барабан, а мне і трубы лезуць у вушы. Куды тут падзенешся, калі басавітая труба з дрыжаннем у голасе як зацягне нешта такое пяшчотна-салодкае, крыху журботнае, штосьці роднае да болю, дык аж на душы зашчыміць. Быццам яна бядуе аб нечым. А ёй падпяваюць маладыя, высокія галасы малых труб, не іначай дочкі супакойваюць маці. А іх падтрымлівае дзед-барабан: так-так, так-так!

Калі наш строй ідзе міма аркестра, я парушаю загад начальства — не гляджу ў патыліцу пярэдняга «байца», а гляджу на трубы, на моцна надзьмутыя шчокі музыкантаў, пачырванелых ад натугі. Мне хочацца разгадаць сакрэт: на што скардзіцца вялікая труба, якая абвілася абаранкам вакол тулава пасівелага ўжо трубача, і чым яе суцяшаюць трубы-дзеці.

— Сырцоў, стаць у строй!— раптам развеяў мае мроі рэзкі старшынскі голас.— Ты што — заснуў?

А я і сам не заўважыў, як згубіў раўненне і апынуўся крокі на два збоку ад строю, а за мной пайшлі і астатнія. Строй спынілі.

Падпалкоўнік так і ведаў — зноў Сырцоў. Доўга яшчэ я буду выпрабоўваць яго цярпенне? Чаго я вачыма плюскаю? Ах, задумаўся! Мысліцель знайшоўся. Мары ў страі — самая шкодная рэч, іх трэба выкінуць з галавы, тут трэба толькі вушы, каб слухаць камандзіра і барабан, калі ён ёсць. Чалавек, здольны лунаць у аблоках нават пад каманду «левай-левай», можа забрысці ў цёмны лес, нават не заўважыўшы, і цёпленькім трапіць у лапы ворагу. На батарэю будуць ісці варожыя танкі, а такі летуценнік, як я, будзе лічыць на вярбе грушы, пакуль на яго не наедуць. На фронце быў такі выпадак, дык разява-камандзір пайшоў пад трыбунал. Але супраць лунацікаў у нашага камбата ёсць сродак. Праўда, пакуль што ён яго не прыменіць, але цярпенне ўжо на мяжы трываласці. Калі яно лопне, усе лунацікі пойдуць чытаць шыльды, але ўжо не ў сценах вучылішча. Асабліва гэта датычыць закаранелых і невыправімых.

А я, мабыць, такі і ёсць, бо, замест таго каб падумаць пра свае паводзіны, праз хвіліну-другую ўжо забыўся пра шыльды, пра ўсю гэтую мараль. Калі аб'явілі перапынак, я з найболыш цікаўнымі хлопцамі пайшоў да аркестрантаў, якія, паклаўшы трубы на мурог, перакурвалі. Тут я і дачуўся, што марш, які так развярэдзіў мне душу, называецца «Развітанне славянкі». А Лёва пахваліўся, што ён і словы ведае. Яго бацька як быццам таксама трубач і браў у сваім Магілёве Лёву на рэпетыцыі і на розныя гарадскія святы, дзе трэба было іграць на трубах.