Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 3
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Калі па-людску, то ў горадзе варта было б і абуцца, усё ж такі горад. А прыгледзеліся, дык мы тут і не белыя вароны. На базар вясковыя жанчыны клункі з зелянінай пруць басанож, не кажучы ўжо пра дзяўчат і такіх падшыванцаў, як мы. Нашы з Санькам гарадскія аднагодкі таксама не ў шчыблетах раскашуюць. А калі ўжо хто ў чобаты, а хоць у чаравікі ці ў што іншае абуты, дык той, мабыць, зарабляе кучу грошай ці ўжо занадта вялікі інтэлігент. Словам, і тут можна жыць босаму чалавеку. Тым больш што і сцежкі-дарожкі сцерпныя: варонкі ад бомб і снарадаў даўно пазасыпаны бітай цэглай з руін, даўно прытаптаны і прыкачаны, з-пад ног прыбраны сляды былых баёў і бамбёжак: завалы, дахавае жалеза, бітае шкло і іншы друз, з-за якога тут яшчэ нядаўна было ні прайсці ні праехаць.
Бяжыцца нам ходка, бяжыцца нам весела, асабліва па вуліцы з артылерыйскай назвай — Батарэйная. Хоць яна такая ж, як і ўсе ўскраінныя вуліцы горада, амаль цалкам драўляная, з пахіленымі паўразбуранымі платамі, з папялішчамі, што паспелі ўжо густа зарасці палыном, дзядоўнікам і розным іншым бадыллем, з разбітай пыльнай дарогай, але яна нам, як свая, самая родная вуліца ў горадзе. Што ні кажы, не якая-небудзь там Сялянская ці Палеская, а усё ж такі Батарэйная. I назвалі яе так, мабыць, не без прычыны. Магчыма, на ей кватаравала калі-небудзь нейкая славутая батарэя, ці, можа, з тутэйшых хлопцаў многа служыць у артылерыі, ці з-за таго, што тут недалёка ўжо і да нашага вучылішча, ці проста па ей часцей, чым па іншых вуліцах горада, любіць прагульвацца наш брат — батарэец. Але колькі мы ні прыглядаліся, колькі ні стралялі вачыма, ніводнага службоўца са свайго роду войск так і не сустрэлі, праехала толькі, грукаючы расхлябанымі бартамі і нарабіўшы смуроду, старая палутарка ды босая дзяўчына перайшла нам дарогу з поўным вядром.
— Эй, рыжая, дай напіцца!— раптам ветліва гэтак папрасіў яе Санька, і я ад нечаканасці аж спыніўся. Во як хлопец асмялеў, не паступіўшы яшчэ ў вучылішча, да гарадскіх дзевак чапляецца. А тая толькі грэбліва зірнула ў наш бок, нос — угору і пачасала сваей дарогай. Добрая, відаць, фіфа.
А напіцца і сапраўды не шкодзіла б. Сонца ўжо добра прысмаліла — хутка поўдзень. Толькі дзе тут нап'ешся? Тэта табе не веска, што падышоў да калодзежа, парыпеў журавом і хоць на галаву лі. Каля адзінай на ўсю Батарэйную калонкі стаіць ладная такі чарга з вёдрамі, а вада з крана ледзь-ледзь цурчыць тонкай ніткай, і трэба мець час і цярпенне, каб набраць поўнае вядро. У нас цярпення хапіла б, ды часу ў абрэз. Пераб'ёмся як-небудзь і так.
Мінулі мы вадзяную чаргу — трапілі на хлебную. Гэтая яшчэ мудрэй за тую. Народу тут, што і бог адступіўся б, калі б ён хлеба захацеў. А крыку тут, а гвалту! Асабліва хвалюецца чарга, калі дзверы невялічкага, з аблупленай тынкоўкай цаглянага магазінчыка бяруць штурмам інваліды. Чарга, як мы прыкмецілі з Санькам, паводзіць сябе розна: хто лаецца, хто заступаецца, а інваліды даказваюць, што яны маюць права. На іх баку і міліцыянер, хоць ён нічога не можа зрабіць з чаргой: не вельмі яго слухаюць.