Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 47

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Дзіўная і прыемная нечаканасць адбылася на страявой падрыхтоўцы на наступны дзень. Калі нас прывялі на пляц, там стаялі ўжо салдаты з трубамі — духавы аркестр. А духавую ж музыку я так люблю, што гатовы слухаць яе і дзень і ноч. Яшчэ змалку за мной бабуля заўважыла гэтую ненармальнасць. Варта было па гучнагаварыцелю, які вісеў на слупе каля сельсавета, абазвацца трубе, як я кідаў усё на свеце: капаць агарод, пасвіць парсюка, нават вядро вады, што не данёс да сенцаў,— і бег на злом галавы пад той слуп на хвалюючы заклік медзі. Бабуля мяне не разумела. Калі гучнагаварыцель змаўкаў, а я вяртаўся ў свой двор, яна мне звычайна гаварыла:

— Спявай песні, хоць трэсні, а есці не прасі. Абібок ты, а не музыка.

Дык то ж толькі гучнагаварыцель — шэрая бляшаная штуковіна на слупе, а тут — жывы аркестр, які я наогул бачыў толькі адзін раз у жыцці і то вельмі даўно. Гэта было яшчэ да вайны, як памёр наш першы старшыня калгаса. Не помню ўжо, як яго і звалі, помню толькі, што хавалі з трубамі. Уся веска сышлася тады іх паслухаць, а без нас, хлопцаў, нічога не абыходзілася. Дарослыя на нас сіпелі, бо хаўтуры ўсё ж, хоць і без папа, але ўсё адно мы таўкліся пад нагамі трубачоў, спрабавалі заглянуць у нутро самай вялікай трубы, кожнаму хацелася ўкрадкі грукнуць па гулкаму баку, велічынёй з дзежку, барабана, але нікому гэта не ўдалося, бо барабаншчык пагразіў нам сваей булавой. А я ўжо круціўся вакол той музыкі, што бабуля баялася, каб услед за старшынёй, чаго добрага, у магілу не ўскочыў. Зразумела, што атрымаў у каршэнь. А тут яшчэ грузавік — таксама немалое дзіва па тым часе. I калі трубачы селі на яго і паехалі, дык я бег за ім аж за аселіцу, людзі думалі, што са свету збягу.

Вось і цяпер, калі я ўжо даўно не хлапчук з рэпанымі нагамі і не ў штанах са шлейкамі цераз плечы, а стаю ў вайсковым страі, і цяпер, як толькі старшына — галоўны над усім аркестрам — узмахнуў рукамі і грымнуў марш, мяне пранізала электрычнасць з макушкі да пят, у мяне засвярбелі падэшвы, так захацелася ісці страявым крокам. Высока ўзвілася каманда:

— Батарэ-э-я-я, шагам арш!

I... атрымалася — горш не прыдумаеш: хто — у лес, хто — па дровы. Адны ідуць пад вялікую басавітую трубу, другія — пад тоненькую свістульку, трэція — пад барабан. Адразу ж:

— Бат-тарэя, стой!

Нам што — вядзьмець на вуха наступіў? Аказваецца, і страевікам трэба мець хоць які-небудзь слых, хоць такі, як у бервяна. У аркестры, на думку падпалкоўніка, галоўнае — гэта барабан. Трубы няхай сабе граюць што хочуць і як хочуць, гэта нас не датычыць, гэта толькі для красы. 1х мы павінны прапускаць міма вушэй і слухаць толькі барабан! Вось тады будзе ў страі парадак. А хто будзе заслухоўвацца на розныя трэлі, той няхай ідзе ў балет і служыць там спячай прыгажуняй, а ў арміі рабіць яму няма чаго. Нам, невукам, самы раз шыльды чытаць па складах, разявіўшы рот.