Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 38

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Нарэшце начальства ў ахвоту наранжырылася. Падпалкоўнік не адзін раз крытычна агледзеў строй з абодвух канцоў, ці па-нашаму, па-вайсковаму — флангаў — і не знайшоў, да чаго прычапіцца. Калі чыя галава крыху і псавала прамую лінію, дык уразаць жа не будзеш. Вось толькі цяпер маёры і капітаны адлічылі кожны сабе па парадку, не выбіраючы, па дваццаць пяць чалавек і пачалі іх запісваць у свае блакноты.

Мы з Санькам трапілі ўсё ж да аднаго камандзіра: розніца ў вышыні ў нас аказалася не такой і вялікай — я вышэйшы за сябра ўсяго на галаву. Вось толькі з камандзірам узвода нам крыху не пашанцавала. У іншых узводах камандзіры — глядзець люба, усе з сябе афіцэры — нічога не скажаш, асабліва ў першым узводзе, дзе сабраліся хлопцы гвардзейскага росту. У іх і маёр высокі, статны, чорныя валасы — хваляй, і голас грамавіты. А наш капітан Захараў, як ён нам толькі што назваўся, і лысаваты, і рабаваты, і ў акулярах, губы тоўстыя, нібы каржы. Але клопат такі — нам з ім не цалавацца, абы не вельмі строгі быў. Выклікаючы па прозвішчу, ён да кожнага з нас пільна прыглядаўся праз шкельцы акуляраў і то ўздыхне, то моршчыцца. Нечым мы яму не падабаемся, і хутчэй за ўсё — сваім ростам. Дасталася капітану адна драбяза згодна таму самаму ранжыру. Мабыць, глядзіць і думае: ну, шкеты!

Калі афіцэры справіліся з перапіскай і пераклічкай, я думаў, што ўжо больш цікавага і нечаканага нічога не будзе. Камбат ёсць, камандзіры ўзводаў ёсць — начальства па вушы, толькі слухайся. Але тут яно толькі і пачало проста на вачах множыцца. Афіцэры сталі ў строй кожны на чале свайго ўзвода, а падпалкоўнік як грымне каманду «смірна», аж шыбы ў казарме зазвінелі.

— Слухай загад!

Загад быў начальніка вучылішча. Мабыць, таму падпалкоўнік чытаў яго так гучна, падкрэсліваючы кожнае слова, каб не праляцела міма нашых вушэй, сам стаяў, нібы статуя, не ківаўся і не хістаўся. Загад жа генеральскі, і разам з загадам тут як бы прысутнічаў і сам генерал. У мяне, прынамсі было такое адчуванне. Вось і дажыўся я нарэшце да таго, што стаю ў сапраўдным страі, а не з падлюбскімі хлапчукамі на поплаве, які зарос дзядоўнікам і крапівой; і чытаюць мне загад сапраўднага генерала, а не выдуманага намі, самазванага Чапаева ў асобе Санькі. Тут забудзеш, што трэба і дыхаць.

А з загаду так і сыплюцца пасады і званні: выхаванца выпуск-нога курса Калдобу назначыць старшыной батарэі і прысвоіць яму званне — старшына; выхаванца Пятачэнку назначыць памочнікам камандзіра ўзвода і прысвоіць яму званне — сяржант. Новаспечанае начальства выходзіць са строю, каб усе яго бачылі, і стаіць, нібы аршын праглынуўшы. Аж не верыцца, што мінуту назад гэта былі звычайныя смяротныя, як і ўсе мы, а цяпер яны маюць над намі ўладу, дадзеную ім самім генералам. Ды колькі іх! Я падлічыў, што дванаццаць. Але самае дзіўнае не ў гэтым. Самае нечаканае і дзіўнае ў тым, што перад строем стаіць і Санька Макавей — камандзір аддзялення, а па званню — яфрэйтар. Для мяне гэта — нібы гром з яснага неба. Калі і як ён паспеў выслужыцца? Розніца ж паміж маёй і яго выслугай усяго тры дні — на столькі пазней мяне прынялі ў вучылішча з-за той праклятай двойкі, і ён ужо — на табе — яфрэйтар. Я чалавек не зайздрослівы, не кар'ерыст, а тут крыўдна.