Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 40

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Калі строй распусцілі, пачалося вялікае свяшчэннадзейства — прышыванне лычак. Прышыць лычку на пагон — гэта табе не латку на калена пасадзіць, не гузік да каўняра кашулі прышпандорыць. Там галоўнае, каб трывала было, каб і сабака зубамі не адарваў. Карацей — справа будняя, звычайная, прывычная. А лычка — вайсковы знак адрознення камандзіра ад радавога. Яе даюць не кожнаму і не кожны дзень. Скажыце, вы многа ў сваім жыцці знасілі лычак? Вось жа і яно! Гэта толькі так здаецца, што там і працы той два разы іголкай укалоць. Можа, яно і два, але як?! Санька, амаль што без пяці хвілін кравец, які на матчынай швейнай машыне мне нават кепку пераліцаваў, і той тры разы свае лычкі прышываў і зноў адпорваў. А пра тых, хто іголкі ў руках не трымаў, і гаварыць не варта.

А лычкі той — хвосцік жоўтай шаўкавістай стужкі. Але і з ёй Санька праваждаўся з паўгадзіны. Дык гэта ж яшчэ і я парады даваў, як лепш рабіць. Аднак нашы з ім погляды цяпер не сыходзяцца: мне здаецца, што трэба бліжэй да гузіка, а яму — што бліжэй да эмблемы — дзвюх перакрыжаваных гарматак; мне здаецца, што роўна, а яму — што крывавата.

— Адчапіся!— гаркнуў раптам Санька на мяне чужым голасам.— Без дарадчыкаў абыдземся.

Не, вы бачылі? На вачах мой сябра ператвараецца ў яфрэйтара. Хацеў я паслаць яго з лычкамі разам туды, дзе Макар цялят не пасвіў, ды спахапіўся, успомніў пра субардынацыю. Я надзьмуўся і думаю, як мне з ім далей жыць, а ён на мяне — нуль увагі, накінуў на сябе гімнасцёрку і круціць галавой, разглядваючы свае плечы са знакамі адрознення. Так можна вочы пакрывіць і пазванкі на шыі вывіхнуць. Такіх розглядаў яму здалося мала — пабег у калідор, дзе вісела вялікае люстра. А там іх з лычкамі цэлы рой, ледзь адзін аднаго не адпіхваюць, быццам жаніхі ў сваты збіраюцца. Нам, ра-давым, аж смешна на іх глядзець.

Пакруціўшыся перад шклом, Санька вярнуўся да свайго ложка, зноў распрануўся і ўжо ў каторы раз пачаў перашываць нанова, дабівацца, каб лычка была, нібы прыклеена. Вось нарабілі хлопцу клопатаў з гэтым званнем!

Затое калі батарэю зноў пастроілі, ён не туліўся ўжо на левым фланзе сярод самых недарослых, а насуперак ранжыру стаў на чале свайго аддзялення, хоць быў усяго па плячо правафланговаму. Вось якое цяпер ён мае права, яго і ранжыр не датычыць.

А вечарам, калі афіцэры, апрача дзяжурнага, адслужыўшы дзень, пайшлі дамоў, уся батарэя і я асабіста адчулі на сабе, што лычкі — гэта не толькі права стаяць на камандзірскім месцы, гэта яшчэ і цвёрдая ўлада. Вячэрнюю паверку праводзіў Юрка ўжо ў старшынскіх пагонах. Ва ўсіх у нас яны таксама не цалкам чорныя, як у артылерыйскіх салдат, а абшытыя па беражку жоўтым, пад золата, на Юркавых жа наогул чорнага амаль не відаць. У яго лычак — удоўж і ўпоперак, пагоны, нібы афіцэрскія, адно што — зорак не хапае.

— Я,— важна сказаў Юрка, прахаджваючыся перад строем,— страявы старшына, а старшына Хамутоў — каптэнармус. Яго справа — шмоткі, а мая — строй. Лавіце розніцу, салагі, каму з нас першаму чэсць аддаваць!