Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 36

Iван Kiрэевiч Сяркоў

А перад строем сорамна: сто пар вачэй на мяне глядзяць, і ўсе чужыя, апрача Санькавых; і глядзяць гэтыя вочы па-рознаму: якія са спачуваннем, якія з простай цікаўнасцю, а некаторыя і з насмешкай.

Але, як кажуць, з вялікага грому — малы дождж. Падпалкоўнік загаварыў не столькі сурова, як насмешліва:

— Ну што, сонная цяцера, ты спаць сюды прыйшоў? Спаць трэба было ў мамы на прыполе, а тут служба, разгільдзяй.

I мне стала спакайней: нічога, відаць, страшнага не будзе, а будзе мараль. Але мараль маралі — розніца. Гэта была доўгай, нуднай і крыўднай. Яна прабірала да пячонак. Такім, як я, аказваецца, нельга нічога даверыць. Я засну ў каравуле на пасту, і тады ўсю батарэю возьмуць цёпленькую без адзінага выстралу. Я магу заснуць і каля гарматы на агнявой пазіцыі — тады нас падавяць варожыя танкі.

Падпалкоўнік неяк здагадаўся, што мае шкарпэткі не на нагах, а ў кішэні, і загадаў іх адтуль выцягнуць і паказаць усім, быццам усе іх ніколі не бачылі. Па страі прабег вясёлы смяшок. Камандзіру батарэі не спадабалася і мая вайсковая выпраўка, таму што ўся гімнасцёрка сабралася наперадзе, а не за спіной, як гэта ей належыць. Таму, апрача цяцеры і разгільдзяя, я — яшчэ і пянцюх. Але ён з мяне зробіць чалавека, ён мне пакажа, дзе ракі зімуюць, і навучыць шанаваць званне будучага афіцэра савецкай артылерыі, ён не дазволіць такім, як я, ганьбіць сваю батарэю. I каб мне служба не здавалася мёдам, на першы выпадак хопіць і вымовы перад строем. А там будзе відаць, што са мной рабіць. Мараль скончылася, як і ўчора, калі ён заліў мяне за двойку: выганю, будзеш шыльды ў горадзе чытаць па складах, невук. Мне было ўжо вядома, што «шыльды» — яго любімая пагроза, як і тое, што ў яго ёсць і іншая мянушка — Грызь. Нездарма Юрка Калдоба ўчора хмыкаў, калі даведаўся, што генерал мяне накіраваў у гэтую батарэю.

У жыцці іншы раз бывае, нібы ў кіно: толькі я ўспомніў Юрку, а ён тут і стаіць непадалёку ад падпалкоўніка. Я проста яго не заўважыў. Не да парасяці свінні, калі яе смаляць. А ён, па ўсім відаць, таксама будзе нейкім над намі настаўнікам, бо гэта яму падпалкоўнік загадаў:

— Вядзіце на фіззарадку!

Ну і Юрка — хітруга! Сябра мне называецца. Не мог учора пахваліцца, што ўжо ў камандзіры выйшаў. Вось ён, як заусёды, нібы толькі што з карцінкі сышоў, што вісіць у казарме каля люстры, статны, адпрасаваны, падцягнуты. Крыху незнаемым мне металічным голасам ён скамандаваў:

— Ба-та-рэ-я-я! Прама — арш! — і пабег побач са строем лёгкім крокам выпеставанага скакуна.

У страі я апынуўся побач з Санькам. Ужо амаль суткі, як мы жывём у адной казарме, я ўжо паспеў паслухаць дзве маралі за гэты час і атрымаць вымову, а пагаварыць з сябрам усё не выпадала. Ды і тут пад тупат сотняў чаравікаў не вельмі разгаворышся, а калі павысіш голас, дык адразу — разгаворы ў страі! Таму Санька на хаду толькі моцна паціснуў мне руку і радасна кінуў некалькі слоў:

— Усё добра! А Грызя не бойся. Ён кожную раніцу ловіць тых, хто спозніцца, і аднолькава грызе. Не ты першы!

— Разгаворы ў страі!