Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 34

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Вось і заканчваецца першы дзень маёй вайсковай службы. Цяжкі гэта быў дзень, мітуслівы: Баця, Маятнік, санапрацоўка, капцёрка, перастаноўка ложкаў, пастраенне, вячэра і прагулка строем пасля яе, зноў пастраенне, вячэрняя паверка і нарэшце — падрыхтоўка да сну. Усе сцелюцца, а я ламаю галаву, што рабіць з дзвюма просцінамі. Усё жыццё я абыходзіўся без іх: драную світку пад бок, саматканай посцілкай накрыўся — і глядзі сны. А тут іх аж дзве. Ну, адну рассцялю падыспад, зверху — ёсць байкавая коўдра. Не іначай памыліўся старшына-каптэнармус. Гляну навокал — ва ўсіх па дзве і ўсе адну на адну рассцілаюць. Ну што ж, мабыць, тут мода такая, ад багацця шалеюць. I мне не мулка будзе на дзвюх.

Тут днявальны з парога крыкнуў «адбой» — зарыпелі, зайгралі па ўсёй казарме металічныя сеткі на ложках, я таксама шмыгнуу пад коўдру, выцягнуў ногі, далонь пад шчаку — раскоша, аж не верыцца. Пад бокам на сетцы са спружынамі ватовы матрац, і пасля цаглянай чарэні на печы мне мякка так, як богу на аблоках.

Цікава, а што там зараз дома пра мяне думаюць бацька, бабуля, Глыжка? Баюся, яны і здагадацца не могуць, што ў мяне было сёння на вячэру, на чым я зараз сплю. Тэта ж калі сказаць, што да чаю было па два драбкі цукру і па акрайчыку белага хлеба са смятанкавым маслам — белага з маслам, дык хто ў Падлюбічах паверыць? Мне самому не верылася, нават шкада было есці. I кажуць, тут кожны дзень так. Значыць, можна жыць, можна вучыцца. Толькі з маслам і белым хлебам я рабіў бы не так — не даваў бы кожны дзень камару на дзюбку, а збіраў бы ўвесь тыдзень, а тады — усё разам. Так я і сам толкам наеўся б, і Глыжку гасцінец прынёс калі-нікалі, як пачнуць пускаць у звальненне.

Духмяным мылам, што даў каптэнармус, пакуль што мыцца не буду, хопіць мне і таго змылка, які збярог у лазні і ўкрадкі схаваў у сваёй тумбачцы. А цэлы брусок аднясу бабулі, яна за свой век, мабыць, такога не бачыла. Вось няхай помніць маю дабрату. А можа, бацьку аддаць? Яму таксама няма ўжо з чаго пену на бараду пускаць, калі голіцца. Не — бацьку, калі мне яшчэ дадуць.

Мабыць, зараз каля Скокавай прызбы самыя танцы. Каб туды з'явіцца такім, якім я цяпер ёсць, вось раты разявілі б! Рудая Гарбуза прыкусіла б язык са сваімі прыпеўкамі, а то раскрумкалася: мой мілёнак — лейтэнант. Толькі з гэтым трэба пачакаць, няхай на кавуне адрастуць хоць тыя тры сантыметры, якія нам будзе дазволена мець, як і старшакурснікам.

I так мяне адолелі розныя думкі і мары, што я не пачуў, як да ложка падышоў старшына.

— Дзе ваша прасціна? — затармасіў ён мяне за плячо.

Гэта было так знянацку, што я падхапіўся, нібы на пажар, і першае, што падумаў — укралі, казённую прасціну ўкралі. Толькі як яны сумелі з-пад мяне? Хуценька глянуў — на месцы, не ўкрадзена.