Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 33

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Справіліся мы з абедам хутка — каптэнармус і вокам плюснуць не паспеў, а можна было б і яшчэ хутчэй, калі б не манернічалі адзін перад адным. На чужых людзях усё ж такі няёмка каўтаць, не разжаваўшы, хоць і галодны, а непрыстойна. Ды і каптэнармус час ад часу тармазіў: то яму не сёрбай на ўсю сталоўку, то не чвякай — не ля карыта, то рукой не бяры — ёсць відэлец. А відэлец рэч ненадзейная, адвернецца старшына — зноў рукой. Але калі б мы ведалі, што будзе далей, то так старанна міскі не выскрабалі б і так ужо вельмі не манернічалі, а паспяшаліся б у казарму, дзе нас чакаў новы сюрпрыз. Я і думаць пра такое не думаў. Ну, здавалася б, што нам ужо трэба, якой такой трасцы? Памылі-напарылі, апранулі-абулі, накармілі-напаілі — лепш ужо і быць не можа. Не, аказваецца,— можа. Прывёўшы «калону» ў казарму, каптэнармус нечакана загадаў:

— Нікуды не разыходзіцца, атрымаць рэчавае забеспячэнне!

Катлавым мы ўжо толькі што забяспечыліся, абмундзіраванне далі, дык што ж яшчэ нам дадуць? Але што б там ні далі, адмаўляцца не буду. Як мая бабуля гаворыць: б'юць — бяжы, даюць — бяры.

Спачатку ўсе аднесліся да гэтага спакойна, але калі з капцёркі першы выйшаў Генацвале з абярэмкам рознага дабра, мы захваляваліся і, хоць нас засталося ўсяго трое, умудрыліся пад дзвярыма зрабіць такую ж таўкучку, як за хлебам на вуліцы Батарэйнай. Кожны пачаў лезці наперад, асабліва гэты Лёва з Магілёва. Ну і жук! Я яго плячом адпіхваю, а ён учапіўся за клямку кляшчом — не адарваць. А тут яшчэ тое цяля — Гецьман з Рэпак — між намі ўціснулася. Але я ўсё адно першы праслізнуў: толькі Лёва дзверы адчыніў, я — коўзь — і там.

Дык вось яна якая — таямнічая «капцёрка»! Таго ў ніводным магазіне няма, што ёсць тут: просціны, шчоткі, падушкі, вакса, шынялі, зубны парашок, мыла, чаравікі — усяго патроху, аж вочы разбягаюцца. I ўсё дарма, без грошай — толькі распісвайся ў ведамасці, што атрымаў. Усяго за некалькі мінут я наставіў сваіх подпісаў у каптэнармусавых паперах, мабыць, у пяць разоў больш, чым за ўсё сваё жыццё. Яно і не дзіва, бо апрача абмундзіравання, якое было ўжо на мне, і розных іншых рэчаў, без якіх не можа абысціся ні адзін вайсковы чалавек,— артылерыйскіх эмблем на пагонах, зорачкі на пілотцы, папругі з меднай бляхай,— старшына надаваў мне яшчэ і такога, якое хіба дзяўчатам і трэба, ды не ў кожнай яно цяпер і ёсць. Духмянае мыла, напрыклад, і аж трайны, а не адзінарны, адэкалон. Такое і Каці з Сонькай не снілася, не кажучы пра падлюбскіх шпакоў. А хоць і насоўкі, каб у голую жменю не смаркацца. Зразумела, што ад гэтага давядзецца адвыкаць, а зубы чысціць — прывыкаць. Нездарма ж выдадзена скрыначка з парашком і шчотачка ў футлярчыку. Словам, будзем квітнець і пахнуць! Нават іголку не забыўся каптэнармус укалоць мне ў пілотку і абматаць яе крыж-накрыж зялёнай ніткай, каб я ведаў, як гэта робіцца. А белых нітак — поўную катушку! Я імі павінен падкаўнерыкі падшываць. Не хапала мне толькі напарстка. Завяршылася рэчавае забеспячэнне дзвюма свежымі просцінамі. Старшына праверыў мае подпісы ў ведамасці, дапамог згрузіць усё дабро ў навалачку і — марш з капцёркі. Наступны!