Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 32
Iван Kiрэевiч Сяркоў
— Скончылася мае цярпенне,— сурова сказаў ён.— Вы што — паслеплі? Парылкі не бачыце?
А ўслед за нашым каптэнармусам і не наш завітаў, і таксама з венікам. Тут ужо сапраўды як толькі з нас скура не пааблазіла. Гэта ж не парылка ў іх, а нейкае пекла: дыхнуць нельга, вушы ў трубачку скручваюцца ад спякоты, нібы лясная лістота на агні. Калі якога «дыверсанта» не выстрыглі і не атруцілі смярдзючым квачом, у гэтым пекле сам ногі выцягне. Мы охаем пад венікамі, звіваемся вужамі, а старшыны дзеда-качагара ахайваюць:
— Што гэта сёння стары слаба напаліў?
Пасля такой апрацовачкі і качолкі перасталі качацца, і мае ногі адмыліся — белыя, нібы ў паненкі, такімі я іх у жыцці не бачыў, і наогул пад рукой цела рыпіць, як капусны качан. I ўсе мы пачырванелі не горш за спелыя вішні. Аднаму толькі Гецьману дрэнна зрабілася, яму «медык» нешта нюхаць даваў.
3 лазні мы ідзём і ззяем ужо ў пілотках, у гімнасцёрках, у лёгкіх чаравіках. Праўда, некаторыя не зусім задаволены, а сярод іх і я: вопратка шыракаватая і ў плячах, і ў поясе, і каўняры — цэлыя прорвы. Але каптэнармус нас суцешыў: па-першае, усё пашыта на нармальных людзей, а не такіх заморкаў; па-другое, мы яшчэ будзем расці і раздавацца ў плячах, а дзяржава нам — не дойная карова, каб пераапранаць нас потым цераз кожны месяц; а галоўнае — мы ад'ядзімся, а яно пасля прачкі сядзе і тады будзе ў самы акурат. Ён жа гэта ведае. Толькі што нам з яго ведаў? Нам хочацца, каб адразу хоць плечы раздаліся, хоць абмундзіраванне сселася. Вельмі добра было б, каб ён тут жа і павёў нас ад'ядацца. Ён і павёў.
У сталоўцы, куды нарэшце прымаршыравала наша «калона», было ўжо бязлюдна. Вучылішча толькі-толькі паабедала і пайшло сытае з песнямі, якія яшчэ чуваць у аддаленні. А тут усяго некалькі выхаванцаў бразгочуць, не іначай у кузні, алюмініевымі міскамі і карцамі, прыбіраючы іх са сталоў. Я крыху затрывожыўся: як жа — будуць нас чакаць, ужо ўсё паелі і лыжкі аблізалі. I ўсё з-за старшынскага чыстаплюйства, з-за яго бярозавага веніка, каб ён згарэў.
Так яно, мабыць, і ёсць — старшына падышоў да акенца ў глухой сцяне сталоўкі, што падобна на амбразуру, за якім быў нехта ў белым халаце, і да маіх вушэй данеслася падазронае слова — «расход». Расход — не даход, тут любому зразумела, і, значыць, будзем мы смактаць лапу да вечара. Але, на мае здзіўленне, на падаконніку з'явілася каструля, з якой падымалася лёгкая пара. Нічога не зразумела: гавораць адно, а робяць другое. Тут трэба ўсё матаць на вус.
Паабедалі мы — царам такога не падаюць: расольнік на мясным навары — і такі, што лыжка стаіць, самай гушчы зачэрпалі, прасяной кашы па талерцы, і рыба да яе — называецца траска, а затым яшчэ і салодкі чырвоны кісель. Усё падмялі чыста. Праўда, з хлебам у мяне атрымалася няўвязка. Я ўсё бярог сваю порцыю, многа не адкусваў, каб хапіла і на расольнік, і на кашу, і на кісель, але перастараўся — засталося. Дык я яго, ужо выходзячы са сталоўкі, дажаваў нішчымны. Яно яшчэ і лепш — хоць адчуў смак чыстага хлеба. А ён, мабыць, не горшы за той, які прадаюць у горадзе па картках. Словам, можна жыць, калі такога хлеба застаецца пажаваць і пасля кісялю.