Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 31

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Толькі ж вы не падумайце, што ўсю вайну і два гады пасля яе я жыў нямыты. Летам у возеры купаўся, націраючыся глеем — адзін чорт, што і мыла, толькі не пеніцца. А зімой іншы раз, калі ўжо зусім ад «дыверсантаў» паратунку не было,— у ночвах без глею, затое вада з попелам — шчолак. Праўда, у ночвах не наныраешся, але можна было жыць. Усе так жылі і жывуць пакуль што ў Падлюбічах.

А тут я ў гарадской лазні, у цаглянай. Зайшоў туды, дзе мыюцца,— ну і гамарня! А вады — разлівай колькі хочаш, яна розная з кранаў цячэ: і вар, і такая, нібы з калодзежа — лёд лёдам. Больш таго — пад столлю каля сцяны два сіты жалезныя, і адтуль вада ліўнем ільецца, толькі пакруці круцёлкі на трубе. Вось гэта раскоша — свет не бачыў! А тут яшчэ кожнаму далі па брусочку сапраўднага гаспадарчага мыла велічынёй з запалкавы карабок, якіх накроіў каптэнармус ніткай з вялікага бруса — не мыццё, а свята.

Вельмі добра ў тутэйшай лазні, цэлы б дзень мыўся, але ж трэба і галаву на плячах мець. Пасля памыўкі будуць жа новую абмундзіроўку даваць, так што варон лавіць не трэба, а то застануцца якія абноскі. Тады і будзе: на табе, нябожа, што нам нягожа.

I ці доўга тут мыць той стрыжаны макацёр? Пены з мыла напусціў, пад дожджыкам з-пад сіта абдаў — і паў-Івана гатова. Яшчэ пяць мінут пайшло, каб намыліць шыю ды Гецьману з Рэпак пацерці мне спіну. Мабыць жа, салдаты доўга не пялёскаюцца: ту-ды-сюды і — крокам руш. Хлопцы пырскаюцца, весела галёкаюць, абліваюцца з тазікаў вадой, шчасліва смяюцца, а я непрыкметна круць — і за дзверы. Пакуль яны там будуць бесклапотна шалець, дык мне ўжо ўсё новае выдадуць на выбар.

— Гатовы?— здзівіўся каптэнармус, і ў яго аж вочы пакруглелі.

— Гатовы!— бадзёра пацвердзіў я і нават пажартаваў: — Чаго там доўга размывацца? Яшчэ вароны схопяць, падумаюць, што сыр.

— Ну, калі гатовы, то ідзі сюды,— кіўнуў ён мне пальцам. А на лаве побач з ім раскладзены гімнасцёркі з пагонамі, штаны з чырвонымі канцікамі, горкамі ляжаць пілоткі, майкі і трусы — усё, што мы прывалаклі сюды ў мяхах.

Каптэнармус, замест таго каб даць мне тое, што належыць, раптам не на жартачкі раззлаваўся. Тут і пачалося! А хто мне з вушэй мыла будзе вымываць — нянька? А за вушамі? Там жа рэпу можна сеяць. Пад каптэнармусавым пальцам на маім плячы адкуль і ўзяліся брудныя качолкі. А ногі? Яны ж у мяне — не раўнуючы, кірзавыя боты. Мне іх за месяц не адмыць, калі нават буду вельмі старацца. I так пагнаў мяне старшына назад, што я ледзь дзверы лбом не высадзіў у мыльню:

— Ах ты, караўка!

3 такім жа поспехам пасля мяне вярнуўся назад і Генацвале — так мы паспелі ўжо ахрысціць нашага грузіна. А пасля спробы Лёвы з Магілёва ў мыльню з'явіўся і сам старшына Хамутоў, голы і з бярозавым венікам у руцэ.