Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 30
Iван Kiрэевiч Сяркоў
— Левай, левай!
Але гэта мала дапамагала, і ўсё адно мы доўга яшчэ блыталіся ў дзвюх сваіх нагах: хто — левай, а хто — правай. За казармай нам сустрэўся такі ж строй.
— Ну і гвардзейцы ў нас з табой,— сказаў чужы старшына нашаму, а наш яго абнадзеіў:
— Нічога — абчэшуцца.
— Вы ім камандуйце: сена-салома! — параілі старшынам двое выхаванцаў-старшакласнікаў.— Яны ж не разумеюць, дзе левая нага, дзе правая!
I весела зарагаталі нашай «калоне» наўздагон. Але ў канцы маршу мы пайшлі ўжо ў лад. А заканчваўся ён каля прыземістага цаглянага будынка — каля лазні.
Апрацоўка была не абы-якая — санітарная. Пачалася яна з таго, што старшыны ўзялі машынкі і за пяць мінут абалванілі ўсім галовы, хоць шаром пакаці. Пры гэтым наш дабрадушна пасмейваўся:
— Кажуць, у іх дыверсантаў няма. Ды яны тут строем ходзяць, аж сцежкі павытоптвалі!
Усе мы пакорна ішлі пад машынку, толькі наш грузін спахапіўся ў пусты след, калі паглядзеўся ў асколак затуманенага люстэрка, прымацаванага на сцяне.
— Вай-вай!— усклікнуў ён.— Як мама пазнае, а?
А я, зірнуўшы ў тое шкельца, нічога не сказаў, а толькі падумаў: бывайце, танцы ў парадным мундзіры, на паўгода, не менш. Не галава — кавун, і вушы выраслі.
3 нашай вопраткай расправіліся яшчэ горш, як з чубамі. Старшына загадаў скінуць з сябе ўсё да ніткі ў вялікую фанерную скрыню, а затым паклікаў дзеда-качагара і кіўнуў пальцам:
— У печ!
Я абрадаваўся: нарэшце абмундзіруюць, не павядзе ж ён нас адсюль у чым маці нарадзіла. Чаго мне было толькі шкада, дык гэта бацькавых салдацкіх чаравікаў. На мае здзіўленне, пашкадаваў іх і каптэнармус.
— Чые? — спытаў ён і, звязаўшы парай, сунуў у іх паперку з маім прозвішчам. Мабыць, аддасць назад.
Са старшынскіх рук мы трапілі ў рукі дзядзькі ў белым халаце. Гэта быў санітар. Ён дастрыгаў тое, чаго не выстрыглі старшыны,— пушок, у каго ён ужо вырас пад пахамі і яшчэ дзе-небудзь,— і тут жа квачом пэцкаў выстрыжаныя месцы сапраўды такім смярдзючым, што карболка супраць яго — адэкалон. Было гідка і сорамна. Але што тут зробіш? Цярпі казак — атаманам будзеш.
I вось стаім мы ўсе перад старшынамі стрыжаныя, аблавухія, голенькія, парахманелыя, канфузімся, што на такіх на нас глядзяць чужыя людзі. А санітар дык яшчэ і пад'ягорвае: нам, маўляў, не ў вайсковае вучылішча, а прамым ходам — у медыцынскае. Там шкілеты патрабуюцца для вывучэння касцей, там нас адразу схапілі б. Асабліва, на яго думку, прыгадзіўся б я. Там мяне медыкі з рукамі адарвалі б для сваёй навукі. На мне ўсё відаць: і маслы, і пазванкі, і рэбры.
Як каму, а мне гэтыя жарты не спадабаліся. Разумнік вялікі. Няхай бы сам на нішчымнай бульбе з гуркамі пасядзеў, дык я пабачыў бы, які ён карак наеў бы. Дзякуй, каптэнармус Хамутоў за мяне заступіўся.
— Не плявузгай ты абы-чаго, а калі гаворыш, дык адкусвай,— асадзіў ён «медыка».
Апошні раз да гэтага дня я мыўся ў лазні яшчэ да вайны. Добрая тады ў калгасе была лазня, вялікая, цэлая хата з трысценам. Стаяла яна на беразе нашага раўчака, перагароджанага ў тым месцы грэбляй, каб было куды распараным да чырвані мужыкам і нырнуць. А што пары было ў парылцы — за адзін крок чалавека не відаць, хоць «ау» крычы. Аднойчы я пайшоў з бацькам парыцца, дык мне чужы дзядзька па недагляду галаву памыў і спіну рагожай пацёр, думаючы, што мые свайго хлопца. Вось колькі было там пары! Нам, падшыванцам, аж млосна рабілася. Але ў пачатку вайны лазня згарэла.