Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 29
Iван Kiрэевiч Сяркоў
— Старшына, вазьміце-тка вы гэтага нямытага Ньютана ды зрабіце яму такую апрацоўку, каб аж чарцям моташна стала, і не тое што вопратку — скуру здыміце,— распарадзіуся падпалкоўнік,— а то ён нам можа дыверсантаў напусцiць.
— Яшчэ і як можа, таварыш падпалкоўнік,— згадзіўся старшына, ацаніўшы мяне кароткім позіркам, і загадаў:— За мной!
Што падпалкоўнік меў на ўвазе пад дыверсантамі, тут вялікім здагадзькам быць не трэба. Хоць і сорамна прызнацца, а ёсць яны ў мяне — вошкі, тут бога няма чаго гнявіць. I нас з бабулькай не трэба вінаваціць: гадамі мыла ў вочы не бачылі. Яго ў нашай краме, ды і ў гарадскіх магазінах, днём з агнём не знойдзеш, а купляць на базары з рук, у спекулянтаў,— цана кусаецца, трэба мех грошай. За мыла аддасі і без штаноў застанешся, не будзе чаго і мыць тым мылам. Вось і золіць старая нашы транты попелам. А попел што? Яго дыверсанты баяцца, але не вельмі.
Толькі ж як гэта каптэнармус мяне будзе так жудасна апрацоўваць, што чарцям стане моташна? Пакуль тым чарцям, дык мне першаму ад такога загаду крыху не па сабе. Яшчэ абмажуць чым-небудзь смярдзючым, як тады пасля сыпняку хату аблівалі. Будзе тады — хоць нос затыкай. А могуць і тым самым дустам, пра які бабка марыць не менш, як гіра мыла, але таксама нідзе здабыць не можа. Словам, знойдуць сродак, што, чаго добрага, скура і сапраўды злезе. Але ўсе ж вунь жывыя, і я не памру. Што людзям, тое і нам.
Загадаўшы пачакаць яго ў калідоры непадалёку ад днявальнага, які цяпер мне на хвост солі можа насыпаць, а не выгнаць, каптэнармус прывёў сюды яшчэ трох такіх жа, як і я, з былых адсеяных, а сам зноў знік за дзвярыма з незразумелым надпісам «Капцёрка». Відаць, тут і будуць нас заліць, бо слова гэта нейкае дзяручае.
Пакуль ён там быў, мы крыху паміж сабой і пазнаёміліся, можна сказаць, толькі абнюхаліся. Хлапчыну, што стаяў бліжэй да мяне, звалі проста Толікам, затое прозвішча гучнае — Гецьман. Штосьці ёсць у ім такое ваяўнічае, казацкае. Я нават пазайздросціў, хаця сам Гецьман ціхі, рахманы, нібы цяля. Ён, аказваецца, з Рэпак, што на Украіне.
А побач з ім з густымі кучаравымі валасамі — Лёва. Гэтаму не стаіцца на месцы, ён нібы на іголках. Прозвішча Белкін, а сам магілёўскі. Легка запамінаецца — Лёва з Магілёва.
Самы высокі з нас, чорны і гарбаносы — Надар. Мне здалося, што я недачуў, і перапытаў:
— Назар?
А ён чамусьці пакрыўдзіўся і паўтарыў гучна, нібы глухому:
— Надар — гавару табе па-руску. Грузія. Чуў — не?
Нарэшце дзверы капцёркі адчыніліся, і старшына не запрасіў нас у яе, а вынес два ладна такі напоўненыя нечым мяшкі. Адзін з іх ён усучыў мне, другі — Лёву, і мы ўсе чацвёра пайшлі табуном услед за ім на вуліцу. Тут каптэнармус узяў нас у шоры, адразу даў зразумець, што мы ўжо на вайсковай службе, а тут кампанія больш за двух табуном не ходзіць, а ходзіць строем. Таму ён і паставіў нас у калону па адным, і мы бадзёра пакрочылі немаведама куды, адтоптваючы адзін аднаму пяты. Праўда, наш камандзір падказваў, якую за якой нагу трэба ставіць на зямлю: