Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 27
Iван Kiрэевiч Сяркоў
— Падпалкоўніку ад генерала!
Вось гэта я яго агрэў! Куцы і важнасць падзелася, разгубіўся хлопец, не ведае, што рабіць, бо сам зялёны. Ён спачатку быў памкнуўся з маёй паперкай кудысьці бегчы, а потым схамянуўся і зноў да тумбачкі прырос, вярнуў мне яе назад. Можна падумаць, што ў той тумбачцы золата і яе нельга пакінуць без нагляду. Я хачу ісці ў дзверы, а ён мяне не пускае — стой. Ну і стаім адзін супраць аднаго, нібы казлы, сустрэўшыся на кладцы. Ён, бачыце, днявальны і пастаўлены тут, каб не пускаць пабочных асоб. Што гэта за чын такі, я дагэтуль і не чуў, але думаю, што невялікі. У мяне генеральская папера, і днявальны мне не перашкода: выбраў момант, калі ён даў зяўка, і — з калідора ў казарму.
Дык вось яна якая — гумно ў калгасе меншае! Справа і злева ўздоўж сцен з вялізнымі вокнамі даўжэзныя рады ложкаў. Між імі мітусіцца абмундзіраваны, стрыжаны народ — галовы, быццам качаны. Што робяць хлопцы, не разумею: ці то яны прыбіраюць, ці то сцелюць пасцелі. Адзін побач са мной, прыгнуўшыся да спінкі ложка, цэліцца, нібы з ружжа, і рукой махае то туды, то сюды, а іншыя па яго камандзе раўняюць спінкі ложкаў, каб было, быццам пад лінейку. Сярэдзіна казармы ложкамі не застаўлена — вуліца вуліцай. Па ей туды-сюды шпацыруе афіцэр, назіраючы за хлапечай мітуснёй. Дзіўна мне, вясковаму, на ўсё гэта глядзець, хаця я па бацькавых расказах прыблізна так сабе казарму і ўяўляў.
Але вось афіцэр спыніўся. Высокі, крыху ў жываце паўнаваты — і пачаў на месцы ківацца. Заклаўшы вялікія пальцы рук за сваю папругу, ён то падымаецца на насках, то ападае на абцасы і ўсім тулавам хістаецца — наперад-назад, назад-наперад,— а сам арліным позіркам паглядае вакол сябе. Дык гэта ж і ёсць Маятнік — падпалкоўнік Асташэўскі.
I тут ужо я падлогі не пашкадаваў — не з далікатных клёпак — і добра такі тупнуў разы са тры, падыходзячы да яго. Па-мойму, падпалкоўнік вельмі здзівіўся майму нечаканаму з'яўленню, ён нават перастаў ківацца і здзіўлена спытаў:
— А гэта яшчэ што за з'яўленне Хрыста народу?
Я лыпаю вачыма, не магу даўмецца, якое дачыненне мае да мяне Хрыстос, а ўсім, хто гэта пачуў, смешна. Генеральскую паперку падпалкоўнік прачытаў уважліва, нават глянуў на адваротны чысты бок, ці не напісана і там чаго. А затым — мала мне было ў Баці — свой пачаў допыт:
— Як здаў геаметрыю?
— Чатыры,— буркнуў я пад нос.
— Не чую!
Мала таго, што Маятнік, дык ён яшчэ і глухі.
— Чатыр-ры! — бадзёра паўтарыў я яму.
— А фізіку? — не супакоіўся ён.
— А фізіку — на «пяць»,— з годнасцю і з разлікам на яго недачуванне гучна адказаў я.
Чую, што паласкавеў:
— Глядзі, які Ньютан! Малайчына!
Думалася, што пасля гэтага ён адчэпіцца, не — зноў цягне жылы:
— А дыктант?
Памятаючы бацькоўскі наказ, да гэтага пытання я еў падпалкоўніка вачыма, так ужо глядзеў яму ў твар, як наш заўсёды галодны Жук на кавалак хлеба, адно хвастом не віляў, дык толькі таму, што ў мяне няма, а тут апусціў галаву і прашаптаў, ледзь сам сябе пачуў: