Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 112

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Наслухаўшыся пра гэтыя хітрасці, мне таксама аднойчы захацелася сачкануць ад заняткаў. Усе сачкуюць, а я што, рыжы? Пстрыкнуў па градусніку раз, пстрыкнуў другі, і калі Люся паглядзела, што яно ў мяне там паказвае, у яе ледзь вочы не палезлі на лоб. Тэмпература аказалася такая, што мяне ў самы раз было б ужо і пахаваць — усе сорак два, а далей шкалы не хапіла.

Люся пакратала мяккай далонькай мой лоб, міла ўсміхнулася і пачала выбіраць шпрыц. Я занепакоіўся:

— Гэта вы мне?

— А каму ж?

— Дык мне, можа, гэта... пілюлю.

— А можа, мне далажыць таварышу маёру медыцынскай службы?— пакінула нарэшце яна ў спакоі свае шпрыцы.

Тут я, зразумела, даў ходу.

Каму часцей за ўсё ўдаецца папесціцца ў лазарэце, дык гэта Мішку-цыркачу. Той як захоча сачкануць — і заўсёды без промаху.

Часты госць нашай медыцыны і Коля Кузняцоў. Гэтаму не трэба і махляваць. Гэты бярэ сваёй знешнасцю і гусарскім абыходжаннем. Люся ад яго, як кажуць хлопцы, без памяці. Варта Колю чыхнуць — і ў яго пасцельны рэжым.

Але апошнім часам зачасціў у лазарэт і Косцік Лямешка, наш Піскля. Ён і пабіў усе рэкорды па сачкаванню. Невядома, чым ён толькі бярэ, бо да спрытнасці рук, якой валодае Мішка Цыганкоў, яму далека, а да гусарскага выгляду і яшчэ далей. Піскля дробненькі, худзенькі, вастраносенькі, нібы сінічка. Яму не дапамагае і наш курсанцкі паёк. Не па кані корм. I вось глядзі ж ты — від на Мадрыд, а ўцёр нос і нашым сачкам-прафесіяналам.

Яго часта кладуць у лазарэт на тры-чатыры дні. А неўзабаве пачаў адлежвацца і па тыдню. Пасля апошняй лёжкі, вярнуўшыся ў казарму, Піскля ўсім на здзіўленне пачаў збірацца ў горад, чысціць гузікі, перашываць падкаўнерык. I гэта ў будні дзень. Зайздросна, канешне.

I асабліва зайздросна Колю Кузняцову: Піскля пойдзе ў горад з Люсяй. Яна павядзе яго ў гарнізонны шпіталь на абследаванне, бо наш медыцынскі маёр не можа сам у Косцевай хваробе разабрацца. Але тут нічога страшнага няма: у шпіталі яго не ўкусяць. Затое такая дарога. У суправаджэнні Люсі.

I хлопцы жартуюць.

— Піскля, лаві момант — завядзі яе ў рэстаран!

— Лёва, пазыч чалавеку грошай, не будзь жмотам!

У Лёвы капейкі не выпрасіш, але, разумеючы, што гэта жарт, ён храбрыцца:

— А што? Хоць тысячу!

Але з гэтага звальнення Косцік Лямешка ў батарэю не вярнуўся. На вячэрняй паверцы, калі старшына выгукнуў яго прозвішча, замест тоненькага, дзіцячага «я» мы пачулі сяржанцкі басок:

— Шпіталь!

Спачатку гэтаму ў нашым узводзе не прыдалі асаблівага значэння. Падумаеш, шпіталь. Людзі ў вайну траплялі туды ледзь жывыя, наскрозь прастрэленыя, і то вылечваліся. Вунь у нашага каптэнармуса рана на спіне, нібы плугам па ей прайшліся, і нічога, яшчэ які здаровы дзядзька: у лазні чорта з два яго ў парылцы пераседзіш. А ў Пісклі і прышчыка няма: што яму будзе?

Але мінуў тыдзень, мінуў другі, а ён усё лечыцца. I тут пайшла па ўзводу трывожная чутка: хвароба ў хлопца сур'ёзная. Коля Кузняцоў знарок схадзіў у лазарэт, пачараваў там крыху Люсю, і тая выдала тайну.