Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 113

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Пацямненне на лёгкіх,— сказаў ён нам.

— Елкі зялёныя,— аж прысвіснуў наш сяржант Міцька Яцук,— дык гэта ж пахне керасінам!

— Гэта пахне чахоткай,— паправіў яго ўсёзнайка Коля, і на яго зашыкалі:

— Не каркай, знахар.

Тым не менш знахар не змоўк:

— Калі знойдуць палачкі Коха...

— Тады што?

— Тады будзе плоха,— у рыфму адказаў Коля.

Цяпер ва ўзводзе ніхто Пісклю не зайздросціць: так «сачкаваць» ніхто не хоча. Гэта табе не ручаіна пад носам, што сёння ёсць, а заўтра няма.

А жыццё ў батарэі ідзе як і ішло: пад'ём, загартоўка, вучоба. Дні бягуць. I раптам навіна: усім медыцынскі агляд. Загад генерала.

Гэты агляд мы звязваем з Косцевай хваробай і не хітруем, калі нас гады ў рады водзяць строем на ўколы. На гэты раз усе пайшлі пакорна, нібы авечкі. Няхай глядзяць, няхай і колюць, калі такія пірагі.

А дактароў у наш лазарэт наехала столькі, колькі я дагэтуль іх у гурце і не бачыў. Адны слухаюць цябе ў трубачку, другія лічаць зубы, трэція і чацвёртыя заглядваюць у нос, у вушы і яшчэ неўма куцы. Нас узважваюць, абмяраюць грудзі, мераюць рэйкай рост, даюць ціскаць нейкую блішчастую штуковіну, што паказвае моц нашых рук, прымушаюць дзьмухаць у гумавы шланг — хто больш выдзьме. Словам, усё так, як і тады, калі нас прымалі ў вучылішча, толькі яшчэ больш пільна.

Але нікога не забракавалі. Усё абышлося добра, калі не лічыць, што наш мастак Ваня Расошка крыху здрэйфіў і страціў пасля ўколу прытомнасць. Дык яно і не дзіва: укол быў нейкі трайны — адразу ад трох хвароб — і балючы, халера, трываць нельга. Мне і то давалі нюхаць нашатыр.

А яшчэ я здзівіў дактароў, калі мяне ўзважылі. Калі Люся сказала маёру медыцынскай службы, колькі я пацягнуў, той, зазірнуўшы ў медыцынскую картку, дзе былі запісаны мае ранейшыя кілаграмы, аж веры не даў.

— Не можа быць. Прыкінь яшчэ раз.

А потым і сам падышоў да вагаў, каб пераканацца на ўласныя вочы.

— Дзесяць кілаграмаў прыбаўкі,— усё яшчэ як бы сумнява-ючыся, сказаў ён доктарцы за суседнім сталом,— было сорак, а стала пяцьдзесят.

Доктарка з цікаўнасцю паглядзела на мяне паверх акуляраў і зазначыла:

— Чаго ж тут здзіўляцца? Значыць, прымалі яго сюды дыстрофікам.

Апошняе слова мяне так зацікавіла, што я яго запомніў і ў казарме спытаў у Кузняцова, што б гэта значыла?

— Здыхляк,— растлумачыў ён адным словам,— а табе навошта?

Тут я прыкусіў язык: яму зусім неабавязкова знаць, якім мяне сюды прымалі.

I чаму тут дактарам здзіўляцца? Хіба дома той харч, што тут? Будзеш здыхляком на нішчымнай бульбе, ды яшчэ і тая ўжадобку. А тут жыць можна, хоць нам і знадаела прасяная каша ды ячменная шрапнель, дык не макаронамі ж аднымі нас карміць, не паны.

Але ёсць у нашым пайку такое, на што ніхто не глядзіць раўнадушна, ад чаго ніхто не адмаўляецца — масла. Праўда, яго там столькі і даюць — на адзін раз лізнуць, але даюць штодзённа. А калі не масла, дык маргарын. Мне такія замены нават падабаюцца: маргарыну перападае паболей. Але гэта рэдка бывае.