Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 110

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Ich weib nicht, was soll es bedeuten, Das ich so traurig bin.

Мы слухаем, але нашы душы глухія.

— Гэта ж вялікі Гейнэ!

Але і вялікі Гейнэ на нас не дзейнічае, не ідзе любоў — і ўсё тут. Чаго толькі Ірма Генрыхаўна дабілася, дык гэта таго, што замест першай мянушкі Гросмутэр (бабуля), яна атрымала новую — Ларэляй.

Вядома, што сапраўдныя русалкі, якія заманьваюць маладых рыбакоў у рачныя віры, усе да адной красуні неймавернай пекнаты, а наша Ірма сівая, з маршчыністым тварам, ужо слепаватая гросмутэр. У гэтым уся соль.

I вось надышоў час экзаменаў. Толькі цяпер усе спахапіліся: экзамен жа будзе прымаць не адна Ірма Генрыхаўна — камісія. Там, мабыць, на падказках і шпаргалках не выедзеш. Не ва ўсіх жа акуляры з бутэлечнага дна.

Ніводнага прадмета цяпер ніхто так не баіцца, як нямецкай мовы. I ўсе вінавацяць начальства: навошта нам далі гэтую Ларэляй? Гэта з-за яе мы зіму правалялі дурня.

Цяпер нямецкую граматыку не выпускаюць з рук, носяць яе нават у казарму, каб і там, калі выпадзе вольная хвіліна, хоць крыху «пашпрэхаць».

Але, на наша шчасце, камісія аказалася не вельмі суровая: сама Ірма Генрыхаўна і яшчэ такі ж, як і яна, боскі адуванчык. Толькі і розніцы, што без акуляраў. I хлопцы ажылі.

Першыя выйшлі з класа з даволі-такі высокімі адзнакамі. Але то былі самыя з нас падкаваныя, самыя зубрылы і ціхоні, якія паводзяць сябе нават на уроках Ларэляй цішэй травы. А такія смелыя, як я, ціснуцца пад дзвярыма і ахвотна прапускаюць паперад усіх, хто захоча.

Нарэшце надышоў і мой час. I тут мне шалёна пашанцавала. Выбіраючы экзаменацыйны білет, я неяк нязграбна правёў рукой па стале, і некалькі білетаў упалі на падлогу.

— О, mein, Got!— спалохана ўсклікнула Ірма Генрыхаўна і, замест таго каб загадаць мне падабраць білеты, яна, мабыць, баючыся, каб я не выбраў там сабе лёгкі, кінулася рабіць тэта сама. А з ёй разам, мне на радасць, і яе памочніца. А стол застаўся без нагляду. Ну хто, скажыце, утрымаўся б тут ад спакусы і не выбраў у той момант, што душа пажадае?

I я выбраў. Праўда, ледзь не пагарэў. Калі экзаментаркі пачалі вылазіць з-пад стала, у маіх руках аказаліся два білеты. Лішні класці на стол было позна. Раздумваць ужо не было калі, і я склаў іх роўненька ў руцэ адзін пад адзін.

Экзамены пайшлі нібы па масле. Мала таго, што я сам адрапартаваў на «чатыры», дык лішні білет саслужыў яшчэ службу і хлопцам. Усё пайшло ланцужком: па майму лішняму білету што трэба падзубрыў Лёва, а свой потым перадаў Пісклю, Пiскля адказваў па Лёваваму, а свой перадаў Генацвале — і пайшло, і паехала. Шпараць хлопцы па-нямецку нібы рэпу грызуць.

Ірма Генрыхаўна толькі радуецца:

— Gut, Knabe, gut!

Ёй і няўцям, чаму так раптам узнялася паспяховасць па яе прадмету: самыя тупіцы цягнуцца на «добра».

У той дзень я хадзіў у героях. Хлопцы цопалі мяне за плечы і хвалілі:

— Малайчына, выручыў!

Бяда толькі ў тым, што слава пра маю знаходлівасць надта далека разышлася, і на наступны дзень пасля заняткаў днявальны мяне выклікаў да камбата.