Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 103

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Няма чаго і казаць, што я з усёй сілы стараюся апраўдаць высокі давер, днявальным не даю і прысесці. Я знаходжу пыл і бруд там, дзе яго ніхто да мяне не знаходзіў: за ўмывальнікамі, пад тумбачкамі, за партрэтамі палкаводцаў. У самых глухіх кутках казармы патрывожаны зімовы сон усіх батарэйных павукоў.

Хлопцы ўжо на мяне касавурацца. Я ведаю, што яны думаюць — кар'ерыст. Ім напляваць, што ў арміі павінен быць парадак. Пасля адбою я і пікнуць не даў батарэі, адразу паклаў канец розным шэптам і перашэптам, хіханькам і хаханькам. У мяне мусіў маўчаць нават Коля Кузняцоў, які звычайна да апоўначы дурыць галаву суседзям прыгодамі розных там мантэкрыстаў і гусараў.

— Ну і цэрбер,— сказаў нехта з цемры на гэта. Шкада толькі, што я не пазнаў голасу. Ну і прыструніў бы!

Нарэшце, стомлены ад службовай стараннасці, я лёг адпачыць, разоў пяць перад гэтым загадаўшы днявальнаму, каб будзіў у выпадку чаго. Цяжкая ты, ноша ўлады. Нават засынаючы, я думаю, як раніцай больш удала адрапартаваць падпалкоўніку пра свае дзяжурства. Ох і любіць Маятнік, каб яму рапартавалі гучна, выразна і камандзірскім голасам. А як толькі разгубішся, пачне ківацца і завядзе сваё алілуя:

— Што? Не абедаў? Паўтары яшчэ раз, мямля!

Сон у мяне быў неспакойны, перарывісты, але і той патрывожылі сярод ночы. Мне сама пачала трызніцца якаясь бязглуздзіца: быццам бабка затачылася нейкім чынам у строй батарэі, мне сорамна з-за яе вясковых рызманоў, я хачу яе выгнаць са строю, а яна смяецца бяззубым ротам і не хоча выходзіць. I тут нехта далікатна пачаў тармасіць мяне за плячо:

— Таварыш дзяжурны. А, таварыш дзяжурны! Прачніцеся. Расплюшчыў я вочы — ні строю, ні бабкі — Піскля, прыклаўшы палец да вуснаў, папярэджвае, каб не было шуму:

— Т-с, ціха. Ён там!

— Хто? — не разумею я спрасонку.

— А чорт яго знае,— растлумачыў мне днявальны.

— Дзе?

— У падпалкоўніцкім кабінеце...

Я адразу скеміў: там злодзей. Трэба браць. А можа, і не проста злодзей. Можа, каго-небудзь цікавяць нашы сакрэтныя дакументы, спісы афіцэрскага саставу, напрыклад, наш распарадак дня ці загады камбата. Тады гэта шпіён, а можа, яго правая рука.

— Будзі астатніх днявальных,— аддаў я Пiсклю загад, а сам рынуўся да дзвярэй батарэйнай канцылярыі, каб злачынец, пакуль мы тут шушукаемся, не змыўся. Я нават задаволены, што на маім дзяжурстве здарылася такое, і адчуваю сваю значнасць і выключнасць. Падумаць толькі: уся батарэя спіць і ў вус не дзьме, а я тут, можа, рызыкую і жыццём. Раніцай пра мяне, канешне, загавораць. Я не з тых разяў, што праспалі Чапаева.

За дзвярыма канцылярыі сапраўды чуваць нейкі шорах. У замочную шчыліну відаць святло. Шчыра кажучы, мне крыху страшнавата, ёсць невялікі нервовы калатун. Вельмі шкада, што нас, дзяжурных, нічым не ўзбройваюць. Дзяжурныя па вучылішчы афіцэры, не бойся, ходзяць з пісталетам, а тут бяры невядома каго голымі рукамі.