Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 104

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Калі днявальныя сабраліся ў мяне за спіной, я рашуча штурхнуў дзверы, але яны аказаліся закрытыя з сярэдзіны.

— Адкрывай! Дзяжурны! — прыгразіў я.

Шорах за дзвярыма сціх, а затым і патухла святло, але дзверы не адчыніліся. Праходзіць мінута-другая — ціха. Каб той гад праз акно не ўцёк. Праўда, яны на зіму забіты, устаўлены двайныя рамы і заклеены паперай. Дык можна шкло разбіць. Але мы на другім паверсе. Не так проста выскачыць: можна і ногі паламаць.

— Днявальныя, пад акно! — гучна загадаў я, каб зламыснік пачуў і зразумеў, што шляхі да адступлення ў яго адрэзаны, а сам пачаў зноў грукаць у дзверы.

Асада канцылярыі цягнулася мінут дзесяць. У рэшце рэшт злачынец зразумеў, што яму нявыкрутка, і адшчапіўся. Я пераступіў парог, уключыў святло і расчараваўся: ніякі гэта не шпіён. Гэта Сцёпка Рубцоў. Куды і падзелася яго нахабная самаўпэўненасць. Дрыжачымі рукамі ён спрабуе засунуць на месца шуфлядку пісьмовага стала, але тая перакасілася і не слухаецца. Ён такі разгублены, што не можа і слова сказаць.

— Што ты тут робіш? — сурова спытаў я, а ён бледны, нібы малако.

— Я гэта... папяросы хацеў,— нарэшце пралепятаў ён, а потым пачаў прасіцца: — Слухай, будзь корашам, не дакладвай. А? Ты ж — не фіскал. А?

Такім я сабе яго і ўяўляў, калі марыў пра дуэль, разгубленым і вартым жалю слімаком. Але цяпер радасці ў мяне чамусьці няма. Я таксама не ведаю, што мне рабіць. На душы паскудна, мне чамусьці сорамна, няёмка. Мяккае ўсё-такі сэрца, хоць бабуля і казала, што яно ў мяне каменнае.

Сцепку я адпусціў спаць, так нічога яму і не паабяцаўшы, а сам задумаўся. І думкі апанавалі мяне нялёгкія. Ну далажу я, дык выганяць жа гада з вучылішча. Куды ён потым дзенецца? Будзе, як кажа падпалкоўнік, чытаць у горадзе шыльды па складах. Форму адбяруць, пераапрануць у свае абноскі, і — шуруй, Вася, на ўсе чатыры! Жудасць.

Ды і дакладваць — не вельмі прыемная справа. Хоць ён і кіпця майго не варты, а ўсё ж аднакашнік. Чаго добрага, ва ўзводзе знойдуцца такія, што падумаюць, быццам я — фіскал. Няхай бы без мяне разбіраліся. Не хачу я той і славы.

Але і ўтаіць начное здарэнне не выпадае: глядзі, каб самому даражэй не абышлося. Дакажы потым, калі ўсё адкрыецца, што ты не аднаго з ім поля ягада. Скажуць, што хаўруснік. Ды і як гэта я ўтаю? А ў днявальных хіба языкоў няма?

I я далажыў. Калі падпалкоўнік прыйшоў на службу, батарэя ўжо вярнулася з фіззарадкі і ўмывалася. Не паспеў камбат пераступіць парог казармы, як я немым голасам залямантаваў каманду «смірна!». Прадуманы загадзя рапарт ільецца, нібы вывучаны на памяць верш.

— Таварыш палкоўнік! За час майго дзяжурства ў батарэі ніякіх здарэнняў не адбылося, апрача таго, што выхаванец Рубцоў, тайна прабраўшыся ў ваш кабінет, шнырыў у вашым стале!

Здаецца ж, так добра адрапартаваў, як гаворыцца, па ўсёй форме, а Маятнік незадаволены. Кіўнуўшыся некалькі разоў, ён яхідна спытаў:

— Як гэта тайна прабраўшыся? А днявальны спаў ці варон лавіў? Расцяпы!

Піскля, які якраз і падпільнаваў злачынца, аказаўся не менш красамоўным за мяне: