Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 105

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Ніяк не! Каб не заснуць, я хадзіў у той час абмыцца халоднай вадой!

— I пакінуў свой пост, расцяпа!

А затым і пачалося:

— Рубцова да мяне!

Не прайшло і паўгадзіны:

— Сяржанта Яцука да падпалкоўніка!

Многіх у той дзень выклікалі ў канцылярыю батарэі. Выклікалі са сталоўкі, з заняткаў. Днявальныя насіліся ад казармы да вучэбнага корпуса, быццам фельд'егеры па загаду яго вялікасці. Не мінулі яны і маю асобу — таксама паклікалі. Падпалкоўніку, аказваецца, ужо вядома і пра мыла, якое ў нас прапала, і пра рэчавы мяшок, з якім я хадзіў у звальненне. Вось табе і закон — тайга.

Ну і горача было на тым камбацкім допыце. Я чырванеў там і бялеў, давялося нават слязу пусціць. Але ў рэшце рэшт камбат паверыў, і ўсё для мяне скончылася шчасліва.

А Сцёпка павучыўся з намі яшчэ ўсяго дзень. Затым яго выклікалі з урока, і калі пасля заняткаў мы прыйшлі ў казарму, то ўжо яго не заспелі. Але мне ён пакінуў развітальнае «бывай». На сваёй пасцелі я знайшоў паперу, на якой было паспешліва накрэмзана алоўкам: «Помні, кораш, мы з табой яшчэ сустрэнемся». Наслуханы пра замашкі жулікаў, я крыху сумеўся, але праз якую гадзіну і супакоіўся: Сцёпка з Растова, а я туды не збіраюся.

Між тым стала вядома, што ў кабінеце ён свіснуў не толькі папяросы, а і грошы, якія камбат чамусьці пакінуў у стале, што са сталоўкі зволена адна з кухарак. Ёй як быццам Сцёпка збыў мыла, а ў камбата прызнаўся. Словам, у сям'і не без вырадка. Быў такі і сярод нас. Не гусар. За што і паплаціўся.

А я цяпер самы вядомы ў батарэі чалавек. Праўда, хлопцы глядзяць на мяне розна: хто з павагай, а хто і з халадком. Не трэба было начальству дакладваць, выслужвацца: самі б разабраліся.

Знайшліся мне разумныя галовы. Няхай бы сталі на мае месца.

Не так проста нас падкаваць

Калі нам няма за што прачытаць мараль, а падпалкоўнік Асташэўскі ў гуморы, тады ён па-бацькоуску нас павучае. Перакатваючыся па звычцы з наскоў на абцасы і мнагазначна трымаючы перад сабой палец, ён не стамляецца нам паўтараць:

— 3 вучылішча вы павінны выйсці добра падкаванымі. Можаце быць упэўнены, што я пра гэта паклапачуся.

Тое ж самае талкуе нам і капiтан Захараў.

Помню, і генерал на Кастрычніцкім парадзе ў сваёй прамове перад строем таксама сказаў, што вучылішча — гэта кузня кадраў. Калі б дзядзька Пятро, наш вясковы каваль, паслухаў, у якой пашане тут яго рамяство, дык ад гонару і з людзьмі, мабыць, перастаў бы вітацца.

Бацькоўскія павучанні камбата нам знадаелі, і мы слухаем іх са скрытай пагардлівай усмешкай: зноў ён за свае. Затое калі застаёмся адны, даём волю жартам. Куды Маятніку супраць каптэнармуса?

Вось хто нас падкаваў не на словах, а на справе. I на ўсе, як гаворыцца, чатыры: па дзве падкоўкі на кожны чаравік. Адна — на абцас, другая — на насок. Ідзеш па бруку — толькі звон стаіць, а ў цемры і іскры ляцяць.

Канешне, афіцэры маюць на ўвазе не тыя падковы, што ёсць у капцёрцы яшчэ і ў запасе. Яны гнуць свае: вучоба і дысцыпліна, дысцыпліна і вучоба. Асабліва націскае камбат на Статут унутранай службы, пра які да вучылішча я і не падазраваў. Гэты статут, на думку падпалкоўніка, мы павінны ведаць назубок, ён павінен быць у нас у крыві, а ён — сядзіць ужо ў пячонках.