Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 101

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Фотаапарат — гэта той пункцік, на якім Лёва звіхнуўся. Тут трэба сродкі. Звычайную ламачыну, ужо не кажучы пра трафейную, з рук на таўкучцы не возьмеш менш як за пяцьсот рублёў. Лёва ведае, ён ужо некалі прыцэньваўся. Яшчэ на «гражданцы», у Магілёве. Можна і за бохан хлеба, але дзе яго возьмеш? Лішняга ў нас няма.

Па ўсіх падліках патрэбная сума ў Лёвы набярэцца праз год без малога. Гэта, канешне, калі ён будзе эканомным чалавекам і зберажэ ўсё да капейкі сваё грашовае забеспячэнне, калі ўдасца выцыганіць у бацькоў яшчэ якую сотню-паўсотні і калі за аўтаручку дадуць добрую цану.

Усё гэта я ведаю, таму што Лёва мяне чамусьці ўпадабаў, ён мне давярае і дзеліцца са мной сваімі ружовымі, амаль нязбыўнымі планамі. Больш таго — ён абяцае мяне потым, калі ў яго будзе апарат, бясплатна фатаграфаваць. Мне не давядзецца канькаць: «Лёва, зрабі з мяне фота».

I трэба ж было, каб з кішэні штаноў разам з насоўкай выцягнулася ў народу на вачах паперка ад цукеркі і ўпала на падлогу.

— Лёва, ты казну згубіў,— пажартаваў нехта з хлопцаў, а нашы следчыя тут як тут. Ім абы зачапіцца. Яны мнагазначна пераглянуліся і пачалі шаптацца. I іх можна зразумець: чалавек сваіх грошай не траціць, дык за што ж ён купляе такія дарагія цукеркі? Аж у паперках.

Так на Лёву лёг цень падазрэння, і гэта вывела яго з сябе. Ён проста месца не знаходзіць.

— Сышчыкі-прышчыкі. Знайшлі вялікую тайну. Чалавека пачаставалі, дык яны прыдраліся.

— Хто? Можа, камбат?

— Пры чым тут камбат? — адбіваецца Лёва.— Пачаставала мая баба.

I так гэта па-мужчынску грубавата, так важна было сказана — «мая баба»,— што многія паглядзелі на Лёву з ухвалой. Над закаханымі без памяці ў нас хоць і дабрадушна, але пасмейваюцца. Іх называюць пакутнікамі. Пра мяне дык было сказана: так гінуць на вачах лепшыя людзі. А сапраўдны сэрцаед пакутаваць з-за кахання не будзе. Мая баба — і ўсё тут. Гэта па-гусарску. Вось чаму на Лёву паглядзелі з павагай.

Але знайшліся і прыхільнікі чыстага кахання, такія, напрыклад, як Коля Кузняцоў. На ўсё гэта ён з насмешкай сказаў:

— Таксама мне рыцар! Вучылі-вучылі яго этыкету, а ён дзявочыя цукеркі лопае, замест таго каб самому рабіць прэзенты.

— А што тут такога? — не здаўся Лёва.— Яе мама — дырэктар магазіна. Не збяднее.

На гэтым пытанне наконт паперак было вычарпана. Лёву паверылі, хоць за ім і канчаткова замацаваўся аўтарытэт карыслівага чалавека. Сказана, скупы рыцар. Усё ў яго з разлікам, нават знаёмства з дзяўчатамі. I тут ён шукае выгаду.

Але і вера ў здольнасці ўзводнага Шэрлака Холмса таксама паліняла. Цяпер народ глядзіць на яго разам з памагатымі даволі скептычна: чым бы дзіця ні цешылася... Нехта ім нават прыдумаў агульную мянушку — мыльная камісія.

А дні не ідуць, а бягуць па цвёрдаму, пісанаму вайсковаму парадку. Здаецца, толькі што былі пад'ём і фізо, і вось ужо — вячэрняя паверка і адбой. Праляцеў дзень, нібы кур'ерскі поезд.

Вось ужо нам прачыталі і генеральскі загад аб пераходзе на зімовую форму адзення. Зноў мітусня і хваляванне: старшыня-каптэнармус нам выдае новыя шынялі і шапкі. Зноў клопаты, як нам перайначыць звычайныя аблавухі ў прыстойныя «ківеры». I паперайначвалі: дзе трэба распаролі, куды трэба ўставілі нягнуткі кардон — заглядзенне. Праўда, цяпер аблавух не падвяжаш матузкамі пад барадой, але ў гэтым няма і неабходнасці. Хто гэта з нас будзе хадзіць целяпнём. Холад — не холад, а «ківер» на макушцы, няхай вушы хоць паадпадаюць. I крыху набакір. Малайца і соплі грэюць, як сказала б мая бабка.