Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 102

Iван Kiрэевiч Сяркоў

3 Санькам мы паспелі памірыцца, і цяпер нас зноў вадой не разальеш. Ды цяпер яго, калі б і хацеў, не падкусіш яфрэйтарствам. Напярэдадні Кастрычніка ўсім нашым камандзірам аддзяленняў прысвоілі званне малодшага сяржанта. Цяпер мы іх успрымаем усур'ёз, і насмешкі скончыліся. Жарт Мішкі-цыркача наконт таго, што малодшы сяржант — гэта ўсяго двойчы яфрэйтар, поспехаў не меў. Ён пражыў усяго адну раніцу і заглух.

У чарговым звальненні мы з Санькам, не чакаючы, пакуль Лёва прыдбае фотаапарат, паспелі сфатаграфавацца ў новых шынялях і «ківерах». I так гэта ўдала ў нас атрымалася, што, пакуль мы схадзілі да сваіх дзяўчат на спатканне, партрэты былі ўжо гатовы. Атрымаліся мы прыгажэйшымі, чым нават разлічвалі. Хлопцы такія — не скажаш, што з Падлюбіч,— не пазнаць. Такі партрэт не сорамна паслаць каму хочаш, не толькі Каці.

А на Кастрычніцкае свята зноў быў парад, толькі ўжо не ў вучылішчы, а на галоўнай гарадской плошчы. Я нават не думаў, што так радасна ісці ў страі, калі на цябе глядзіць народ. Адчуваеш сябе чорт ведае якім важным. А ў дзяўчат на тратуары аж вочкі бегаюць: столькі прыгажуноў, і ўсе — віцязі. Толькі мы суровыя і непрыступныя, не кожную яшчэ ўдастоім і позіркам. Няхай сохнуць.

За ўсімі гэтымі падзеямі прапажа нейкага там мыла забылася сама па сабе. Пра тое, што ёсць ва ўзводзе сярод нас чалавек, нячысты на руку, перасталі і думаць. Ды і ён сябе больш ніяк не праяўляе. Ці проста затаіўся, ці адумаўся і перавыхаваўся, хто ж яго ведае? Сцёпку ўжо, відаць, знадаела мне падміргваць, ён больш не чапляецца да мяне. Камбат маўчыць, і я гэтаму рады. Няхай яна, як казала дома бабка, ідзе на сухі лес, такая струшня.

А тут і яшчэ ў мяне радасць: маё старанне па службе і ў вучобе заўважыла начальства. Да гэтага ў нарад мяне назначалі толькі днявальным. А ў днявальнага ж вядома якія абавязкі: то прыбірай, то падмятай, то пыл выцірай, то стой слупам каля тумбачкі і пільнуй начальства, каб не празяваць з камандай «смірна». А дзяжурны тым часам ходзіць ды толькі распараджаецца. Чаму не лафа?

Дык вось і мяне назначылі дзяжурным па батарэі. Расцём! У маім падначаленні трое днявальных: Пiскля, Генацвале і Расошка-мастак. Мая ўлада над імі, няхай хоць і на адны суткі,— не гульня на падлюбскім поплаве ў чапаеўцаў, а ўлада сапраўдная, законная, яна належыць мне па вайсковаму статуту. Няхай скажуць супраць хоць слова. Я здыму з іх стружку, аж пішчаць будуць. Мне трэба такі парадак, каб нідзе — ні парушыны, а каля тумбачкі — у струну. Ад адчування такой улады ў мяне на душы патака. А ў Санькі ж такая слодыч, мабыць, кожны дзень. Цяпер я яго разумею: тут трэба несці службу, а гэтыя ёлупні цара нябеснага толькі і глядзяць, каб сачкануць.