Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 100

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Вакол Колі ўвесь час круцяцца Мішка-цыркач і Генацвале. А гэта ўжо само па сабе гаворыць, што ў нашага сышчыка няма да іх і ценю падазрэння, і я цішком ім зайздрошчу.

Яны паводзяць сябе вельмі таямніча, страшэнна сакрэтнічаюць, а пра што шэпчуцца, не дапытаешся ні за якія пернікі. Пра каго ў іх там ідзе гаворка, можна здагадацца хіба па позірках. Не вельмі дасведчыя ў вышуку, Колевы прыбліжаныя не-не ды і паглядваюць на таго, хто ў іх на языку. Але гэта трэба быць ужо вельмі пільным, каб здагадацца.

Апрача таго, Коля з тыдзень чапляўся да ўсіх з рознымі недарэчнымі пытаннямі, ці, як гавораць хлопцы, вераломнічаў. Але ўся яго вераломнасць, усе яго хітрыкі шытыя белымі ніткамі. Яны толькі нас злавалі.

Першы, да каго прычапіўся Кузняцоў, быў Піскля. Той у звальненні хадзіў у кіно і ўжо, можа, разоў пяць расказваў пра кінакарціну. I не толькі расказваў, а і паказваў на жэстах: гэты таго — бух, той гэтага трах! Здорава было! Дык нашаму Шэрлаку гэтага мала.

— А як называецца кінатэатр? — дапытваецца ён.

— Ну гэтага... як яго... Луначарскага,— не адчуваючы каверзы, спакойна адказаў Косцік.

— А фільм?

Тут ужо допытны пакрыўдзіўся на следчага:

— «Гуляла каза па Дунаю» — во як! Правяральшчык мне знайшоўся.

Неўзабаве на Колю ўжо крыўдзілася паўузвода, і асабліва — я: мяне ён абразіў да глыбіні душы. У мяне ён як бы між іншым хацеў даведацца, ці далека тут базар і па чым там мыла.

— Па грашах, а хто пытае — па вушах,— адрэзаў я бабульчыным прыслоўем, мяркуючы так, што гэта камень у мой агарод. Цяпер я не хачу нават і размаўляць з той сталічнай цацай.

Быў момант, калі наша следчая троица ўжо амаль святкавала перамогу. Ей трапіліся дзве-тры паперкі ад цукерак, і было высветлена, што іх гаспадаром з'яўляецца Лёва Белкін. Здавалася б, якое дачыненне маюць тыя паперкі да прапажы мыла? Аказваецца, самае непасрэднае.

Многія думаюць, што Лёва — адпеты скупердзяй. Амаль кожную раніцу, перад тым як апрануць гімнасцёрку, ён дастае з нагруднай кішэні атрыманае нядаўна грашовае забеспячэнне і старанна яго пералічвае. Тады хлопцы насмешліва пераміргваюцца паміж сабой: скупы рыцар. Гэта ж падумаць толькі, нават у звальненні, нягледзячы на гарадскія спакусы, не патраціў ні капейкі. Мала таго, апошнім часам ён робіць спробы выгадна прадаць каму-небудзь з нас сваю трафейную аўтаручку, якой так ганарыцца. Ён прапаноўваў яе і мне, пераконваў, што толькі па знаёмству аддае за бясцэнак. I я купіў бы, але больш палавіны свайго жалавання прашыкаваў на падушачках.

3-за таго, што над ім смяюцца, Лёва не хоча ні перад кім апраўдвацца, закусіў цуглі і пакрыўджана маўчыць. А што ім гаварыць? Хіба яны зразумеюць? Ён паглядзіць, ці будуць яны смяяцца потым, калі ў яго будзе фотаапарат. Яны будуць тады бегаць следам і канькаць: «Лёва, зрабі з мяне фота». Дулю ім з макам.