Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 99

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Але Санька толькі сапе ды ў задуменнасці хмыкае, быццам у яго ў горле перасохла:

— Тут разумееш... як табе сказаць...

Гэта мяне вывела з раўнавагі. Тут і разумець няма чаго, чаму ён такі нерашучы. Як жа: я — радавы, а ён, бачыце,— яфрэйтар, камандзір аддзялення. А нядаўна прайшла чутка, што нашым яфрэйтарам прысвояць званне малодшых сяржантаў. Некаторыя з іх запасліся ўжо новымі лычкамі. Вось ён і віляе, баіцца падмачыць аўтарытэт. I мяне апанавала такая злосць, што я не ўтрымаўся і ляпнуў:

— Кар'ерыст ты няшчасны.

Санька аж узвіўся ад злосці, пачырванеў, люта зыркнуў вачыма:

— А ты... а ты...

Але болей нічога сказаць не мог і, грукнуўшы цяжкімі дзвярыма, выбег з умывальні нібы абвараны. Вельмі хлопец пакрыўдзіўся.

I тут ёсць за што. Кар'ерыстаў у нас не любяць не менш за фіскалаў, з імі ніхто не хоча звязвацца, ад іх утойваюць свае сакрэты, ад іх трымаюцца ўбаку. Хочаш з таварышамі жыць душа ў душу — выбірай адно з двух: павагу хлопцаў ці начальніцкую любоў. Угоднікам у нас цяжка жыць. Не, ты можаш начальства паважаць і нават любіць, як усе мы паважаем капiтана Захарава, толькі не падлашчвацца, а калі яно пачне цябе выдзяляць без меры, часта ставіць у прыклад ці даваць паслабленні, усе на гэта будуць глядзець коса. Гэта я ў вучылішчы адразу наматаў на вус. Вось чаму так раз'юшыўся Санька. Ведаючы ягоны характар, я думаю, што цяпер да яго доўга і на казе не пад'едзеш. I як гэта ў мяне з языка сарвалася? Не хацеў жа я.

Але хацеў ці не хацеў, а справа зроблена. Пагаварылі, называецца. Вось ужо другі дзень мой сябра ходзіць з казённым тварам, стараецца мяне не заўважаць, а калі ўжо без гэтага не абысціся, то звяртаецца да мяне толькі па прозвішчу і на «вы», як і належыць па вайсковаму статуту:

— Сырцоў, папраўце пасцель!

Або:

— Таварыш выхаванец, перашыйце падкаўнерык.

Неяк забыўшыся, што мы з ім у контрах, я нешта хацеў спытаць у яго па-прыяцельску, дык ён мне:

— Адставіць размовы!

I глядзець у мой бок не хоча, парсюк у лычках. I я таксама пакрыўдзіўся і пачаў як мог яму назаляць. Нашы камандзіры аддзяленняў не любяць, калі іх называюць яфрэйтарамі, і ў хаду часцей зварот «таварыш камандзір». Гэта іх нібыта ўзвышае. Дык вось гэтым самым яфрэйтарствам я Саньку і дапякаю, дзе трэба і не трэба, пытаюся ў яго дазволу:

— Таварыш яфрэйтар, дазвольце ісці мыцца.

А памыўшыся, зноў:

— Дазвольце апрануць гімнасцёрку, таварыш яфрэйтар.

Хлопцы пасмейваюцца і не разумеюць, чаму гэта я, як Яны гавораць, выпендрываюся. А гэта я, між намі кажучы, трымаю хвост пісталетам. На душы кошкі скрабуць, а паказваць гэтага не хочацца. Няхай мой дарагі сябручок так нос не задзірае. Абыдуся. Так яно і ідзе ўжо трэці дзень.

А тайна прапажы мыла пакуль што так і застаецца тайнай. У адзіночку я супраць паразіта Сцёпкі, які пры кожным зручным выпадку не прамінае мне падміргнуць, так нічога талковага і не прыдумаў, ні на што не адважыўся і рады, што хоць пакуль ціха. Усе мае надзеі цяпер толькі на нашага Шэрлака Холмса — Колю Кузняцова, на яго дэдуктыўны метад. Калі той метад дасць вынікі, то ўсё само сабой адпадзе: злодзей будзе выкрыты, Сцёпкава падазрэнне развеецца, а сам ён атрымае ад мяне ў лыч, калі ён нават і невінаваты. Каб не плявузгаў абы-чаго. I зраблю я гэта пры ўсіх. I без Санькі спраўлюся. А Санька няхай беражэ аўтарытэт. Я з ім болыш і ў звальненне да дзяўчат не пайду.