Читать «Мы з Санькам — артылерысты...» онлайн - страница 98

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Фаіна Маркаўна развіталася і пайшла з класа. Наш сяржант Яцук скамандаваў выходзіць строіцца, і я з гусарскай даўніны апынуўся ў сённяшнім дні. Вось ён і Сцёпка — паразіт, не спалоханы, не заплаканы, нахабна ўсміхаецца і ўкрадкі ад іншых мне падміргвае. Праходзячы міма, ён сказаў так, каб было чутна толькі мне:

— Не хвалюйся, закон — тайга.

Мяне зноў бытта ўкусілі, але агрызнуцца я спазніўся: той ужо выйшаў з класа. I я зноў у трывозе, зноў на душы неспакойна, настрой сапсаваўся — белы свет нямілы. А тут яшчэ гэты зубаскал Цыганок насміхаецца.

— Хлопцы, глядзіце, як наш ухажор пакутуе.

I ўсе рагочуць. Мне б іхнія клопаты.

А тут, як на тое ліха, не выпадае пагаварыць з Санькам. Ён увесь час на людзях: то камандуе аддзяленнем, то вакол яго проста так таўчэцца народ. А мне трэба хутчэй і па сакрэце.

У трывозе я не звёў вачэй на «мёртвай» гадзіне і на самападрыхтоўцы сяджу як у ваду апушчаны. Санька, вывучыўшы ўрокі, у муках творчасці грызе аловак — піша верш, а я збіраўся напісаць Каці, але колькі ні пачынаў — не той настрой. Так і цягне мяне на расчараванне жыццём, на людскую вераломнасць і на ўсё такое, з-за чаго лермантаўскі Пячорын лез пад кулі. Дапісаўшыся да поўнага зняверу ў шчасце наогул, я скамячыў ліст і схаваў яго ў кішэню. Цьфу на мяне! Разнюніўся перад дзеўкай. Артылерыст, называецца.

Але душа шукае выйсця, і рука сама сабой малюе на прамакатцы чэрап і скрыжаваныя косці. Я яму пакажу, гэтаму Сцёпку!

Скончылася маё маляванне тым, што капітан Захараў, стаміўшыся чытаць тоўсты раман, непрыкметна падышоў да майго стала. I вось я ўжо стаю навыцяжку, апусціўшы вочы долу, а ён разглядае маю прамакатку і на пацеху ўзводу быццам мяне і хваліць:

— А нічога, нічога... Здольнасці ёсць. Толькі дазвольце спытаць, пірацкі герб гэта што — ваш ідэал?

Няма чаго і гаварыць, што выгляд у мяне быў далека не зухаваты.

Пагаварыць з Санькам пра падкопы, якія робіць пад мяне ненавісны Сцёпка, мне ўдалося толькі ў вольную гадзіну перад вячэрняй паверкай. Захоўваючы канспірацыю, я завёў яго ва ўмывальню і толькі там раскрыў набалелую за дзень душу. Канешне, тут я пераступіў святую запаведзь — начальству не скардзіцца, не фіскаліць. Але тут асобы выпадак. Каму Санька — начальства, а мне ўсё-такі — блізкі сябра. Тут павінна быць скідка. Ды я зусім і не скарджуся, я проста раюся па-прыяцельску, як мне быць: напляваць на ўсё і расцерці, далажыць капітану ці як-небудзь так прыструніць таго паразіта Сцёпку?

А што Санька? У яго таксама розуму скарбы. Камень з майго сэрца ён не зняў, а яшчэ больш яго развярэдзіў. Спачатку, праўда, ён загарэўся, закіпеў гневам:

— Правучыць яго трэба як след, гада!

— Правільна! — абрадаваўся я. Іншага ад сябра і не чакаў і тут жа прапанаваў свой план расправы — давай заманім за дрывяны склад і адлупцуем.

Вот тут мой Санька і задумаўся.

— Не так гэта проста,— паскроб ён у патыліцы,— тут трэба яшчэ мазгамі раскінуць.

— Ды што тут раскідваць? — не церпіцца мне хутчэй даць Сцёпку дыхту, так не церпіцца, што аж ногі не стаяць на месцы і свярбяць кулакі:— Заўтра ў час фіззарадкі і правучым. А то распусціў язык.