Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 42

Адам Глобус

Больш за ўсiх уражвае «пахавальная брыгада» — мужчыны ў мышыных строях i тройка магутных гнядых коней у шырокай збруi. Наяўнасць такой брыгады настройвае на паважны лад. Цырк, яно вядома цырк, i смешна, i весела, але быкоў будуць забiваць, i каля «чорнага» ўвахода, згадваецца, стаяла машына «хуткай дапамогi»...

Пачатак, пры ўсёй доўгачаканасцi, адбываўся знянацку. Я зрэагаваў на барабанны пошчак i па­чаў шукаць вачыма бубнача. Знайшоў! I тут з-пад трыбуны з бубначом на арэну выскачыў першы бык. З першым усё адбылося гладка. Бык патрэбную колькасць разоў пагрукаў у чырвоныя дашчаныя шчыты, за якiмi хавалiся матадоры. Бык зрабiў напад на пiкадора, а той прапароў дзiдаю бычыны хрыбетнiк. І бычыная спiна, бычыны бок i нават нага заблiшчэлi ад крывi. Матадоры ўвагналi шэсць бундэрыльяў у акрываўленыя плечы жывёлы. Ашалелы i змучаны бык не надта каб перашкаджаў матадору выконваць грацыёзнае танчанне. Адзiнай незапланаванай акцыяй з боку жывёлы было вырыванне ў матадора чырвонай анучы. Публiка адзначыла здарэнне свiстам i тупатам. Матадор хутка выправiўся i закруцiў быка з дапамогай вернутай анучы так, што той, небарака, спатыкнуўся i прыпаў на каленi. Гледачы ўзрадавалiся. Але праз хвiлiну раззлавалiся, бо матадор не змог закалоць быка з першага ўдару. Калi б гэтыя тысячы гледачоў ведалi, што здарыцца з другiм быком, яны б так не злавалi i не крычалi на першага матадора. Ды толькi Бог усё ведае наперад. А чалавек жыве ў iмгненнi цяпер i свiшча, i раз’юшваецца, калi што не па iм.

Першы бык загiнуў ад другога трапнага ўколу. Метровае лязо ўвайшло ў бычыную тушу па самую рукаяць, прапароўшы лёгкiя i сэрца. Жывёлiна пахiснулася, матлянула галавою i павалiлася. На арэ­ну выехала «пахавальная брыгада». Захацелася заплакаць. Павер мне. І я ведаю, ад чаго. Быка чаплялi за галаву i валаклi па пяску. Вось тут i хаваецца нейкая недадуманасць, недапрацаванасць рытуалу. Трэба яго на брызенце цягнуць цi на нейкай посцiлцы. А то ўбачыш, як бычынае цела спачатку па пяску, а потым па цэменце валакуць, дык i ў самога скура на баку шэрхне. Адсюль i ў носе казыча, i гэты сентыментальны слёзны сiндром. Але дзе ж ты паспееш заплакаць, калi барабан сыпле шрот, i ўжо кiруецца на ружовыя посцiлкi тарэадораў другi бык. Ён плямiсты, падобны да каровы. Але знешнасць бывае возьме i падмане. Вось прадавец праграмак прыняў мяне за iтальянца i хацеў усунуць праграмку на iтальянскай мове. Ну на чорта мне тая праграмка ўвогуле. Можа я на той кары­дзе апошнi раз у жыццi, а прозвiшчы барселонскiх матадораў для мяне значаць роўна столькi ж, колькi iмёны карэйскiх оперных спевакоў. Ад пра­грамкi я адбiўся сваёй каструбаватай ангельскай мовай. I, дарэчы, ты ж ведаеш, iтальянскага ўва мне зусiм няшмат, толькi чаравiкi, пас, нагавiцы, кашуля, партманет, шкарпэткi, плаўкi, але iх жа не вiдаць, акуляры i больш нiчога. Вочы ў мяне блакiтныя, але iх гандляр праграмкамi не заў­важыў за акулярамi, таму i прыняў мяне за ўра­джэнца Апенiнскае паўвыспы.