Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 30

Адам Глобус

— «Рым — адкрыты горад» — сапраўдная слава iтальянскага кiно, сапраўдны паварот у сусветным кiнамастацтве, — меў той поспех, якi ён меў, i гэта аднадушнасць замежных прыхiльных водгукаў разнесла ўшчэнт слепаваты педантызм абмовак некаторых iтальянскiх крытыкаў — бясспрэчна i толькi таму, што яго паставiў iтальянец, сцэнарый напiсалi iтальянцы, ролi выконвалi iтальянцы, удзельнiчалi iтальянскiя статысты i зняты ён быў у Італii. Менавiта гэты ягоны цалкам iтальянскi «характар», з усiмi вартасцямi i недахопамi, нават памылкамi (але iтальянскiмi), адрознiвае фiльм па ягоным духу ад усёй астатняй сусветнай кiнапрадукцыi...

...Для тых, хто захоча ўгледзець у маiх турботах тупы «нацыяналiзм», рэцыдывы iтальянскага фанатызму, а не сапраўдную праблему характару, а, як следства, i стылю, нагадаю, што за ўсю гiсторыю кiнамастацтва фiльмы, створаныя ў вынiку «мiж­народных» камбiнацый, нiводнага разу не мелi трывалага поспеху.

А беларусы?

Як казаў двухмоўны паэт Шэлехаў — супра­цоўнiк кiнастудыi, што стаiць каля станцыi метро «Маскоўская»: «Зрэдку я сустракаю ў калiдорах беларусаў, раз на месяц, а то i радзей, але што яны там робяць, я не ведаю».

I я таксама не ведаю. Дык якi ж, прабачце, Дом кiно ў Мiнску?

3 — Эротыка

Эротыка ў кiно для мяне — тое самае, што i палiтыка ў кiно. Праўда, гэта цяпер кожны фiльм мае эратычныя сцэны, а раней нябачны i ўсёмагутны цэнзар выстрыгаў з замежных стужак усю, як тады лiчылi, парнаграфiю, усю, як цяпер кажуць, эротыку. Палiтыку цэнзар таксама выстрыгаў, але ад гэтага стужкi не рабiлiся карацейшыя, бо дублёры проста гаварылi не пра «халодную» вайну, а пра халодныя закускi. А ўявiце сабе — якi фiльм можна было зманцiраваць з гэтых павыстрыганых кавалкаў! Думаю, бiлеты распрадалi б на год наперад. Але гэта нездзяй­сняльная мара. Хоць у такiм вось кiрунку i працуюць аматары падпольнага мастацтва — айчын­ныя кiнамеханiкi. Тое, чаго не выстрыг магутны i нябачны, выстрыгае просты кiншчык. Апагей стрыжкi, вядома, у войску, але i на волi робяцца эратычныя калажы. Сакавiтая Гундарава ў начной паўпразрыстай сарочцы на голае цела («У чацвер i больш нiколi») не паспявае i слова сказаць, як на экране — iмiтацыя акта («Мужчына i жанчына»), а потым расейская музыка i жанчына-мара («Белае сонца пустынi») заходзiць у крынiчную ваду i павольна ўздымае спаднiцу, вышэй i вышэй i... чорна-белы труп даўганогай iтальянкi («Пры­знанне камiсара палiцыi пракурору рэспублiкi») кладуць у апалубку i залiваюць цэментам.

Напэўна, у кожным кiнамеханiку тоiцца кiна­рэжысёр з кiнааператарам. І чаму iм не таiцца, калi ў кожным дырэктары кiнатэатра жыве i квiтнее цэнзар. Хачу пушчу, хачу не пушчу, закажу — не закажу, прывязу — не прывязу. А план усё роўна будзе, адзiн iндыйскi фiльм на месяц, напрыклад, «Ноч у Бамбеi», i план ёсць.

А што рэжысёры?! Анiчога. Адзiн Фелiнi, па чутках, быў супраць продажу сваiх фiльмаў у СССР. Дык гэта Федэрыка Фелiнi! Сапраўды. А можа, у свеце i ёсць адзiн рэжысёр — Фелiнi? Не? Сапраўды, ёсць i Вiсконцi, i Розi, i Пазалiнi, i Антанiёнi, i Берталучы... Адны iтальянцы? Нешта не тое? Тады, ёсць Буньюэль з сваiм «Андалузскiм псом». Раз убачыш i нiколi не забудзеш...