Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 28

Адам Глобус

«Пакладзi станiк i стань нармальна». Голас у мяне быў нейкi вайсковы, i Кася паслухмяна паклала на канапу белы станiк, зняла майткi i стала спакойна i асуджана, як жанчыны становяцца ў доўгую чаргу. Я пiсаў толькi торс: плаўныя ключыцы, налiтыя грудзi з ружовымi, што мальвы, саскамi. «Мне холадна!» — Касiны блакiтныя i пустыя вочы глядзелi на мяне патрабавальна. «У мяне ёсць вiно», — з-за мальберта вынырнуў рабы Алесеў твар. Мы выпiлi дзве бутэлькi горка-салодкага «Агдаму» i не прыдумалi нiчога лепшага, як пайсцi ў кiнатэатр.

Заля была паўпустая, мы селi на першы рад i пачалi смяяцца, пэўна, выходзiў той «ржач», якi мы праглынулi ў майстэрнi. Кiначасопiс скончыў­ся, запалiлася святло, да нас прычыкiльдыгала наглядальнiца. Яе азызлы, што вараная цыбулiна, злосны тварык з выбеленымi вусiкамi i бурачковым ротам наблiзiўся да мяне: «Будзеш смяяцца, выведу з залi!» Смяяцца расхацелася, захацелася сыграць джаз. Пад экранам блiшчэла чорнае пiянiна. Алесь iграў, Рогава спявала, як жыхарка амазонскае сельвы цi як Іма Сумак, я iмiтаваў Армстронгаву трубу, заля свiстала, тупала, лаялася i крычала. Такi поспех здараецца адзiн раз на ўсё жыццё. На вулiцы было свежа пад буйнымi зялёнымi зоркамi. І я натхнiўся i, абняўшы Рогаву, сказаў, што самыя вялiкiя зоры адбiваюцца ў цёмнай вадзе Амазонкi.

А з вадою, толькi не з рачною, а басейнаваю, у мяне знiтаваны яшчэ адзiн выпадак. У кiнатэатры «Спартак», цяпер гэта Дом работнiкаў гандлю, быў шыкоўны буфет. Мясцiўся ён на антрэсолях, а не каля прыбiральнi ў сутарэннях, як у «Цэнтральным» i «Партызане», дарэчы. За стойкаю там усмiхалася круглатварая дзявуля, якую мы празвалi Рэпа. На верхняй палiцы ў Рэпы стаяла вiно. На iтальянскi фiльм «Мы так любiлi» у «Спартак» мы прыйшлi учацвярых — Я, Алесь, Жанна i Вовiк. Мы доўга разглядалi верхнюю палiцу з вiном. «Кабернэ», «Рыслiнг«, «Такайскае»... Мы скiнулiся i ўзялi партугальскi «Марцiнес». Мы сядзелi на першым радзе i пiлi чырвонае моцнае вiно i смяялiся i глядзелi трагiкамедыю.

«Тры маладыя i вясёлыя рымлянiны закахалiся ў адну дзяўчыну. Яна iх таксама любiла i нават пераспала з iмi па чарзе. Ну, вядома, рэўнасць, начны Рым, фантан, лiхтары, смех, паданне ў фантан... Буйны план — вочы i слёзы. Буйны план — усмешка. Яна — ён. Яна — ён (толькi ўжо другi ён)». Мы п’ём вiно, як дамовiлiся, маленькiмi глыткамi. «Сваркi. Героi махаюць рукамi. Так умеюць махаць толькi iтальянцы. За адно iмгненне пралятае дваццаць гадоў. Яна выпадкова сустракае аднаго з iх. Яны п’юць у бары вiно». Мы таксама п’ём пакрысе, каб расцягнуць кайф. «Яны знаходзяць яшчэ аднаго з старых знаёмых. Яны ўсе бедныя i вясёлыя. Праз даведку яны даведваюцца адрас чацвёртага. Ідуць да яго. Вялiкая вiла з басейнам. Ён у махровым халаце выходзiць з вiлы, iдзе праз разарый да блакiтнага, хутчэй, колеру марской хвалi, басейна, скiдае халат i ўзбягае на вышку, ён ляцiць у ваду. Стоп-кадр. Ён вiсiць над басейнам колеру марской хвалi. А жанчына i яе сябры пацiскаюць плячыма, смяюцца i сыходзяць. Канец». У Вовiка парожняя пляшка з-пад «Марцiнеса», i ён п’яны. Так заўсёды, нехта напiваецца першы, хай сабе i дамовiлiся пiць маленькiмi глыткамi. Усе смяюцца i кажуць, што гэта я нырну ў басейн, ажанюся з габрэйкай i пабудую вiлу. Я, вядома, не супраць вiлы з басейнам. Але кажу, што нырне Вовiк. Вовiк кажа, што Алесь.