Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 29

Адам Глобус

Мы ўтрох не нырнулi ў басейн колеру марской хвалi. Вiла толькi ў Жанны. Яна выйшла замуж за нашчадка аўстра-венгерскага пана i пераехала з Мiнска ў Чарнаўцы. Жанна пiша вялiкiя карцiны на сюжэты накшталт «Уз’яднанне Букавiны з Украiнаю», някепска зарабляе i жыве з мужам i сынам i свякрухаю на хутары. Толькi хутар той — гэта не хата з хлявом пасярод лесу пад Налiбокамi, а сапраўдны маёнтак i басейн ёсць, вось вам. Гэта мне Жаннiн бацька расказаў, толькi паскардзiўся, што ўнук не гаворыць нi па-беларуску, нi па-расейску, а толькi па-ўкраiнску, i ён, дзед, не ўсё разумее.

2 — Дом кiно

Дом кiно я не люблю. А хто яго, зрэшты, любiць? Можа экзальтаваныя дурнiцы, што прыехалi ў сталiцу з райцэнтраў ды так i засталiся ў сваiм развiццi на ўзроўнi касiрак? Цi можа дападныя юнакi, якiя бачаць у снах рэжысёрскую кар’еру? Не. Нават яны не любяць мiнскi Дом кiно. А за што яго любiць? I сапраўды. Можа за тое, што там часам паказвалi галiвудскiя кiнастужкi з стрыптызам, лабок на ўвесь экран, дый садызмам, кроў капае з кулака? Цi за тое, што дзябёлая барменка налiвае разбаўлены каньяк? А мо за творчыя вечарыны?

На адной з такiх вечарын я выступаў у якасцi паэта. Вечарына называлася «Мова паэзii i мова кiно». Пракруцiлi два фрагменты, адзiн з «Мальбы» Абуладзе, другi з «Люстэрка» Таркоўскага. У даным выпадку пра якасць гэтых стужак гаварыць не выпадала. Я выйшаў да мiкрафона i панёс на Абуладзе, напэўна, дарма, але я абураўся, што ў расейскiм варыянце «Мальбы» ўсе вершы чыталiся з дзiкiм грузiнскiм акцэнтам. Нiбыта iх чытае не прафесiйны актор, а савецкi салдат грузiнскага паходжання, якi ледзь навучыўся разбiраць кiрылiцу. Культывацыя ўсялякiх акцэн­таў i iмiджаў — адна з самых брыдкiх з’яў савецкага мастацтва. І можна было б уявiць абурэнне расейцаў, каб вершы Пушкiна з «Люстэрка» пасля дубляжу на ангельскую мову загучалi б з акцэнтам. Але што вялiкiм народам да праблемаў малых?! Яны пануюць, яны гаспадары свету, яны ператвараюць мовы ў акцэнт, а нацыянальную самабытнасць i самакаштоўнасць у сувенiры, бутафорыю, iмiдж.

Дом кiно. Гэта на паперы «дом» i «кiно». А ў са­праўднасцi яго няма, ёсць чырвоны касцёл, якi часова абсталявалi пад адмiнiстрацыйны будынак з кiназалаю.

А каб у Мiнску сапраўды быў Дом кiно, трэба спачатку займець сваё беларускае кiно. А як яго зрабiць, гэтае беларускае кiно? Напэўна ж так, як iтальянцы зрабiлi сваё. Як Алясандра Блазецi ў сваёй нататцы «Або iтальянцы, або нiчога» пiсаў: