Читать «Толькі не гавары маёй маме» онлайн - страница 26

Адам Глобус

З дзяўчатамi ў лагеры адносiны ў мяне не скла­лiся. Трынаццаць гадоў — якраз той узрост, калi заўважаеш: дзяўчаты раптам сталi дарослыя, а хлопцы ўсё яшчэ дзецi. Мае аднаатрадаўкi з замi­лаваннем паглядалi на мужчын кшталту культурыста настаўнiка, а на такiх, як я, зiркалi з пагардаю. Зрэшты, асабiста мяне тое мала хвалявала, бо прырода яшчэ не выспелiла ўва мне мужчынскiя функцыi i жаданнi. І таму будзе слушна, калi скажу, што ў Артэк я патрапiў у апошнi год свайго дзяцiнства.

А на заканчэнне скажу табе яшчэ адну сумную рэч... Праз Артэк прайшлi мiльёны дзяцей, i нi разу ў жыццi я не сустрэў нiводнага сумленнага слова пра гэты найвялiкшы ў свеце лагер. Адны дурнаватыя дрындушкi...

Гэта — месца добрага знаёмства.

Гэта ён — наш сонечны Артэк.

Усе нiбыта вады ў рот панабiралi. Ведаем, ведаем. Бачылi. Але, хто старое згадае, таму вока прэч. Лепш не ўспамiнаць. Забыцца. Ну i сапраўды, каму хочацца помнiць правiлы, па якiх праходзiла купанне ў моры?! А мне вось хочацца...

Спачатку, ну вядома, трэба было распрануцца i змянiць трусы на плаўкi i пятнаццаць хвiлiнаў ляжаць (можна сядзець) на сонцы. Потым пятнаццаць хвiлiнаў сядзець (можна стаяць) у ценi, пад шыферным брылём. І толькi пасля ценю да­звалялася на пяць хвiлiнаў зайсцi ў Чорнае мора. Не забегчы, не заскочыць, не запаўзцi, а зайсцi. Заходзiлi ўсе, як гаварылася раней, «у нагу». Даваць нырца забаранялася. Галава ўвесь час павiнна тырчаць над вадою. За тры метры ад берага быў нацягнуты тоўсты канат з паплаўкамi. Заплываць за канат забаранялася. Размаўляць у вадзе забаранялася. Дакранацца да каната забаранялася. Выходзiць без каманды... Любое дробнае парушэнне вяло да таго, што ўся «дзесятка», а ў мора заходзiлi «дзесяткамi», страчвала права на марскую ванну. Таму, зайшоўшы ў ваду, усе стаялi на камянiстым дне. Зрэдку сёй-той лагернiк падскокваў — рабiў выгляд, што купаецца з радасцю i асалодай. Каб нехта ўцёк i пакупаўся самастойна, я не чуў. Уцячы ў горы можна было, а вось прарвацца на ўзбярэжжа — нi ў якiм разе, яно ахоўвалася не горш за дзяржаўную мяжу, зрэшты, гэта ж i была мяжа СССР, пра якую я паглядзеў у вялiзным адкрытым лагерным кiнатэатры прыгоднiцкi фiльм...

Артэкаўцы-героi знайшлi на ўзбярэжных скалах шпiёнскi акваланг, высачылi яны i самога шпiёна, i пасля кароткай, але вельмi змястоўнай, бойкi канчаткова перамаглi ворага народу на адным асобна ўзятым кавалку ўзбярэжжа. Пра несапраўднасць падзей у фiльме, дзе артэкаўцам дазвалялася гадзiнамi сядзець у Чорным моры, а начамi ба­дзяцца каля яго, здагадваўся нават наймалодшы лагернiк з найапошняга атрада. Але паход у кiно запомнiўся мне iншым, перад iм нам выдалi па цёплай куртцы. Дарэчы, калi пасля першай лазнi я выбраў сабе форму адпаведнага памеру, дык заўважыў, што яна вельмi зручная i вельмi моцная, нiхто нiчога не адарваў у ёй, нават пагоны трымалiся мёртва. А што ты думала?! Самы вялiкi, самы-самы ў свеце дзiцячы лагер... Артэк.

Ракаў. 20.I.1993

Сінема

(аповесць пра суперажыванне)