Читать «Крокі па старых лесвіцах» онлайн - страница 11

Людміла Рублеўская

НЕМАТА Той не паспеў свае даспеліць песні, А гэты, што збіраўся сеяць іх, Быў пакараны смерцю напрадвесні. Свет страціў слова, як музыка — слых. Зямля дарма нам піша камянямі I зморшчынамі хворых ручаін Святую песню, страчаную намі, Наш лічыць свет — разумны ён адзін. Яму здаецца — ён аброс, як поўсцю, Мелодыямі ўсіх масцей і моў. Але змаўкаюць птушкі. Суха ў роце Старога млына. Млын апошні змоўк. Мы забіваем нематой прыроду. Званы здымаем. Робім штучны мёд. I не спяваем — пішам Песні — робім. І траціць слых сумленне з году ў год. Пасля і голас згубіць непрыкметна, I пад абцас — апошнюю пчалу... I стане чутна — коціцца планета Адцятай галавою у імглу. БЕЛАРУСАМ, ПАМЕРЛЫМ НА ЧУЖЫНЕ Наш гарадскі нямоцны корань Ледзь чуе смак сырой зямлі. I кожны лісцік непакорна Ірвецца з матчыных галін. Злятае ліст, каб зведаць вецер, Не згнісці дзесьці за мяжой. Так чалавек не верыць смерці, Хай і рыхтуецца душой. Як да чужых галін прыўкрасных Не прырасці сухім лістам — Чужыя велічныя храмы Наш попел не заменяць нам. ...I чалавек ідзе ў чужыну Не для таго, каб згінуць там... ...Зямлі ўсё роўна, чый мярцвяк... Ў яе на ўсіх адзіны смак. НОВЫ РАЁН У новым раёне, яшчэ негасцінным, І храмаў няма, і няма магазінаў, I ціснецца лес абкарнаны да неба, I храмаў няма... Бо, гавораць, не трэба. У новым раёне — з выгодамі хаты. Знутры— хто там бачыў, ды звонку — палаты. Культура і мяса — у цэнтры, бясспрэчна. Там храмы апошнія гаснуць, як свечкі. Там брук — пад асфальтам і косці—пад брукам, Там — ціша стагоддзяў, сучаснасці — грукат. Там — памяці храм, што па цёмных законах Не запланаваны ў сучасных раёнах I, цалкам падобна, руйнуецца ў цэнтры. ...Бы кроў на пяску — пашчапаная цэгла У новым раёне, дзе светлыя вокны, Дзе моляцца сонцу старыя з балконаў, Дзе сонца за лес апускаецца чорны, Бы падае купал царквы залачоны. КАЛЬВАРЫЯ Заблудзіцца на могілках — ёсць асалода такая. Дзе каменні, як рэшткі чаўноў, усыпаюць зямлю. I збуцвелае лісце імёны шчыльней пакрывае, Як пакрыла бяспамяцтва душы — тваю і маю. Чуеш, мастак? Маляваў ты суровых герояў. Мы іх не помнім. Ты чуеш, забыты паэт, Вечнасці любы? Прастуе жыццё маладое Праз надмагілле тваё — і рагочуць вароны услед. А раней я сюды забрыдала паплакаць, падумаць... Так лісцё прыпадае да горкіх карэнняў жыцця... Цалавацца на могілках дзеці сучасныя любяць. I бяззорнае неба глядзіць, як апошні суддзя.