Читать «Крокі па старых лесвіцах» онлайн - страница 13

Людміла Рублеўская

* * * Дождж зязюляй шэрай прыляцеў, У раку упаў бездапаможна. Наплыла самота па вадзе— А ваду ніхто не пераможа — Змые ўсё. I толькі берагі Лазняком самоту зачаплялі, I пярсцёнак месяца з рукі Маладой лазы упаў у хвалі... Абміналі хвалі астравок, Дзе будан я з кветак майстравала... А калі мой востраў, як вянок, Патануў — зязюля закувала. ДАНАЯ Дождж залаты твайго кахання Працяў сухія камяні. Я двойчы бачыла світанне У тым бясконцым, палкім дні. Любой сцяной схавай жанчыну, У мармур апрані яе — Яна адчуе пах крушыны I попел зор у пальше. Ёй дадзена самой прыродай Трапяткасць і чуццё бяды... Жанчына не спытае: «Хто ты?» А вечна моліцца: «Дзе ты?» ЗАЛАТЫЯ БЕРАГІ Гайдаецца сонца, як звон безгалосы, I пырскі па скуры вядуць пісягі. Плыву у чаўне хуткаплыннага лёсу. А дзе ж залатыя мае берагі? Пакуль што навокал — адхоны крутыя, Каменні, як чорныя локці, тырчаць. Даўно пахавала пяскі залатыя Наноснае смецце, што хвалі імчаць. Наперадзе бачу чысцюткае сяйва. За мною, як птушка, ляціць вышыня. А ў рэчку збягаюць іржавыя травы, А рэчку паскудзяць бензінам штодня. Звужаецца русла у зморшчыну жалю, А ззяючы бераг далей і далей... I скуру апошнімі промнямі джаліць Маленькае сонца маленькіх людзей. КНЯЗЁВАЯ ГАРА На Князёвай гары, за ваколіцай,— ліпа і бусел. Але ўсё ж памірае курган з апусцелым сялом. Пахаваны там князь—радавіты і велічны, мусіць. (Трэба ж велічным быць, каб важдаліся людзі з пяском.) На Князёвай гары асядае зямля пад нагамі. (Тут хавалі калгаснікі з фермы суседняй свіней.) Вёска продкаў маіх перад смерцю паслала за намі I, як добрая маці, няўдзячных дзяцей не кляне. Хутка ўстане ўладар, з доўгай чугі зямлю абцярусіць, Лёгкі месячны човен сплыве на высокі палын... На Князёвай гары, за ваколіцай,— ліпа і бусел... Я апошняе страчу, як страчу пра гэта ўспамін. ВЫБАР На скрыжаванні дзвюх дзедаўскіх моў Я слова не маю для плачу. I столькі за мною згарэла шляхоў — Дарогі за дымам не бачу. Падвойнае неба сузор'і дваіць. I справа, і злева — званіцы. А слова патрэбна, якое баліць, I мова, якою маліцца. А справа і злева спакойна плывуць Бяздумныя, шэрыя хмары... Удары званоў — бы каменні ваду — Хвалююць іх цьмяныя твары. Мяне перакрэсліў адбітак крыжа. Дзве мовы — як моцныя рукі — Расцягваюць душы. А ў спратах душа Хавае памерлыя гукі. А хмары за ветрам плывуць і плывуць, I дым асядае бяссілы. і крыж пахінуўся... і ўладна завуць Забытыя мною магілы.