Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 46

Генрых Далідовіч

Яго сябры, Лямбовіч i Кірыковіч, бывае, i цяпер здзіўляюцца, дапытваюцца: ну, прызнайся, як ты, сялянскі сын, сабраў такую бібліятэку? У гэтых пытаннях, мусіць, не толькі ўражанне, але i іншае: хіба трэба селяніну кнігі? Хіба ён здатны для ix? Няўжо не аддасць ix за гарэлку?

На ніжэйшых паліцах — звязаныя аборамі старыя, пацёртыя папкі. Там былі сабраныя ім народныя словы да будучых слоўнікаў беларускай мовы — тлумачальнага, фразеалагічнага, сінонімаў i блізказначных слоў, да слоўнікаў руска-беларускай, беларуска-рускай, польска-беларускай i беларуска-польскай моў. Словам, тут было звыш дзесяці гадоў яго, лічы, штодзённай працы. Работы дарагой i любімай. Без яе ён ужо не мог. Праўда, сёе-тое з гэтых папак — прадмовы да слоўнікаў, гістарычны нарыс роднай мовы — забрала з сабою паліцыя, калі рабіла вобыск.

Разгарнуў папку ca словамі да слоўніка сінонімаў i блізказначных слоў. Ён амаль усю гэтую зіму рыхтаваў яго, дайшоў вось складаць да слоў на літару «П».

— Папракаць,— прачытаў уголас i ўсміхнуўся. I трэба ж так, каб якраз з гэтага слова трэба было пачынаць цяпер працу. Чаго-чаго, а папрокау ён наслухаўся за сваё жыццё. Пачаў чытаць далей.— Дакараць, наракаць, папікаць, прыставаць, пароць у вочы, тыцкаць у нос, упікаць, чапляцца...

Перачытаў. Адчуў: нешта тут не так, чагосьці не хапае. Народная мова багатая, гнуткая, трэба толькі ведаць, вывучаць яе — усё на ёй можаш сказаць. Самыя далікатныя i тонкія пачуцці. Думаў-думаў, але нешта сёння не было ўвагі, кемнасці, знаходкі.

«Ехаць ці не ехаць у тую Вільню?» — нечакана падумалася.

Каб не суд, дык шмат не варажыў бы, бегма пабег бы. Усё ж там культурны цэнтр краю. Адзіная свая газета, пісьменнікі, артысты, вучоныя, сябры i знаёмыя. Там хутчэй давёў бы да ладу i, можа, каб хто памог, дык i выдаў бы свае слоўнікі. Але ўся затрымка з-за гэтага суда. Ён, можа, i апраўдае, ён, можа, рэзка i зменіць яго лес — гвалтоўна спаралізуе яго, пазбавіць волі... Лягчэй бы было, каб нават ведаў, калі будзе той суд. Год хутка міне — а пра яго ні слова...

Ён раней вельмі пакутаваў. I ад таго, што трапіў у лапы паліцыі, што па яго завялі дасье як на злачынцу, звольнілі з працы, абняславілі. Пa першым часе нават збянтэжыўся, збаяўся: а можа, ён сапраўды зламыснік, робіць нешта паганае? Можа, як кажуць, па самай справе займаецца недазволеным, падточвае, як той каварны шашаль, моц? Але пасля разважыў: а чаму недазволенае, злачыннае тое, што дарагое сэрцу? Хто каму даў права такое забараняць? Ці ўсё ж, як кажуць, няможна ўсім ці не ў час гаварыць праўду? Бо, гавораць, праўда можа забіць чалавека, калі яна не ў час выяўляецца. Паволі пазбавіўся сумненняў, апраўдаў сябе i цярпліва, мужна прывык да новай ролі гнанага чалавека, пачаў не баяцца ні суда, ні турмы. Можа, толькі стаў больш задумлівы, нават патайны, чым быў раней. Начаў шмат думаць. Раней ён мог гаварыць усё, што прасілася на язык, запальваўся як порах, цяпер жа пачаў вучыцца стрымліваць сябе, больш разважаць i менш гаварыць.