Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 32

Генрых Далідовіч

Міхайла з постаці i з твару як i Сцяпан. Нібы блізняты. Але характарам Міхайла іншы. Ён не чытае ні кніг, ні газет, столькі ўсяго не ведае: не мае да гэтага ніякай ахвоты. Затое мае іншыя «таленты», якіх няма ў Сцяпана: любіць i ўмее гладка мянціць языком, маніць, вадзіць, як самая гаваркая баба, плёткі i адпальваць усякія дурноты. Да слова, любіць раніцай ці ўвечар выйсці на двор, наўмысна моцна пазяхаць, кашляць ці зашыецца ў які цёмны куток, каб яго ніхто не бачыў, i вые-скуголіць на ўсю вёску. I яшчэ ён адмысловы злодзей. Да каго ні зойдзе ў хату — нешта ўкрадзе. Хоць лупіну ці стрэмку якую.

— Добры вечар вам! Ці рады вы нам? Калі вы нам рады, i мы вам да парады! — залапатаў Міхайла з пapoгa i, не чакаючы адказу, акідаючы позіркам хату, пацёпкаўся да стала.— О, колькі вас найшло!

He раўнуючы, як блышчыц у запечку! А вы, жыдзяняты,— жмурачыся, агледзеў дзяцей у парозе,— чаму шапак не здымаеце? Не ў карчме ж вы, a ў хаце!

Тыя ўміг папасцягвалі вушанкі.

Неўзабаве зайшлі ў хату яшчэ два мужчыны. Стрыечныя гаспадаровы браты, Пятро i Юзік Вайтковічы — блізняты. Абодва невысокія, каржакаватыя, цёмныя. За імі ўсунуліся i іхнія жонкі — Фроня ды Ірка. Юзік быў чалавек ціхі, у яго вялікіх вачах заўсёды свяціліся смутак, стомленасць, быў ён самы спакойны з усіх Чорных; Пятро i ў пяцьдзесят гадоў задзірлівы, завадатар боек, нібы ўсё яшчэ неаб'езджаны жыццём. Ледзь што яму не па гусце — пускае ў ход кулакі. I білі яго часта моцна, да паўсмерці — надта мужчыны i хлопцы з чужых вёсак,— вадою колькі разоў адлівалі, але ўсё роўна прыкры яго характар не змяніўся.

— Здароў вам у вашу кучку! — загарэзаваў з парога Пятро, акідаючы ўсіх позіркам. Пасля падаў руку гаспадару.— Здароў!

— Жыў, здароў, хаджу без штаноў, што й табе жадаю! — адказаў той.

— Здароў, калі змалоў! — сказаў, паціскаючы руку, Міхайла.

Юзік не абмовіўся, моўчкі ўсунуўся; хлопцам Пятро рукі не падаў: завялікі яшчэ для тых гонар.

Раней вячоркі былі ў Міхайлы. Але як адна за адной заявіліся ў хаце дзве нявесткі, дык тыя пакрыху адвярнулі моладзь ад хаты.

— Ну дык што, хлопцы? — усміхнуўся Міхайла.— Чаго скаліце зубы? Не баіцёся суднага дня? Не страшна за свае грахі? За тое, што дзяўчат мацаеце, на гарачае дзела спакушаеце? Што гарэлку п'яце, мацюкаецеся?

— Гы-гы-гы! — зарагаталі Уладак i Антон.

— A калі хто ўжо таптаў дзяўчыну ці тая без шлюбу пад плотам легла, дык дасць бог на судзе!

— Цьфу на твой язык! — плюнула ў памялешнік гаспадыня.— Брахун ты, брахун! Дзеці малыя ў хаце, а ты... I на пост вялікі не зважаеш...

— Гэтыя дзеці, Паўліна, ужо больш за нас з табою ведаюць...

— Вот ад такога ж, як ты, i адукоўваюцца на дурное... Наслухаюцца — самі тады абы-што брэшуць ці змалку абы-што дарабляюць! Паны сваіх дзяцей так не выхоўваюць. Што яны ні гавораць, што нi робяць — дзеці не чуюць i не бачаць... Свае ды заморскія настаўнікі змалку дакладаюць да навукі, да культуры...