Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 29

Генрых Далідовіч

— Ну, раскажы-раскажы, пане Яне, як ты з пападзянкамі пад ручку па вёсцы шпацыраваў...— радасна, седзячы між дзяўчат, загуў з ложка Уладак. Па мянушцы Скалазубы. У яго, як i ва ўсёй іхняй радні, былi вялікія, выпхнутыя, лічы, за верхнюю губу пярэднія зубы.

«Угледзелі ж!»

— А што — зайздросна? — адказаў Янка ўголас, надта не збянтэжыўшыся. Няможна саромецца. Абсмяюць, зганьбяць тады. Ды калі яшчэ вунь i Зося сядзіць. Каля гаспадаровай дачкі, Волькі. А каля Зосі прыляпіўся нейкі падлетак. Ды Вольчын брат, Пятрусь.

— Ну, а як жа! — не здаўся i Уладак.— Меншая пападзянка надта мяккая! Як булачка!

— Бачыш, ты i абгледзеў, i абмацаў! А я не паспеў.

— Гы-гы-гы! — сыта зарагатаў Уладак. Але не перагаварыў, не абсмяяў. Перад Зосяю. I ён жа меў на яе вока. Дарма, што чапляўся да яе сяброўкі, да Веры. Толькі смела — Янку насупраць — хадзіць да Зосі не адважваўся: канечне ж, номніў, як летась у гэтай жа хаце — на забаве — Янка добра наўскідаў па карку i яму, i яго сябруку. А дужыя кулакі для Уладака — добрая перасцярога. Ды i ўсе хлопцы пасля той бойкі пачалі пабойвацца Янкі i паважаць.

Янка i ў цемені бачыў: Зося стараецца на яго не пазіраць. Бліскае бялкамі, водзіць туды-сюды галавою. Нібы кожнаму зазірае ў вочы, кожнаму ўсмешкаю падтаквае ў гэтым няшчырым здзеку супраць яго, Янкі, хоць ён цяпер i адзін супраць хлапечай кампаніі.

— Ды садзіся ты,— зноў загуў Уладак,— а то зусім засланіў свет. I выперла ж! Да бэлек вунь!

Дзе тут уплішчышся? Прыгледзеўся: дзе там Кастуся? Можа, ля яе можна ўціснуцца? Сядзіць вунь збоку, на тапчане. З суседкаю. З Анелькаю Гарбацэвіч, пра якую сёння гаварыў бацька на Шубіне.

Устаў Пятрусь. Ступіў на драўлянае біла ложка, палез на печ, дзе кішма кішэлі i за ўсім цікавалі гаспадаровы ўнукі — ад двух сыноў, што цяпер у заработках: старэйшы — у Сібіры, меншы — разам з іхнім Гіполем, Вінцуком, Драздовічам i іншымі — у Амерыцы.

— Садзіся, Янак,— спаважна сказаў Пятрусь ужо адтуль, з ляжанкі.

У яго забілася сэрца: трэба сесці каля Зосі! Пастаяў крыху ў нерашучасці, а пасля сеў на цвёрды, убіты ўжо на камень сяннік, засланы цёмнаю дзяружкаю. Зося адсунулася.

— Па сена, Мудрыя, ездзілі? — запытаў Уладак.

— Ездзілі,— адказаў.

— А я ўвесь час думаў: цябе не будзе, дык я ўжо сёння павяду дадому Зосю...

— Брахун ты! — незалюбіла тая.— Менціш вот цэлы вечар попусту языком. Ляпаеш, як лапцем па цымбалах!

— Заступаецца! — ухмыльнуўся Уладак.— Можа, i знюхаліся ўжо?

— Знюхаліся! — задзірыста адказала Зося.— А табе шкода?

— A няўжо ж!

— Дык не шкадуй — лопнеш ад зайздрасці!

— Аса! — прамовіў Уладак. Уздыхнуў.— Ладна, такой бяды. Чаго-чаго, а вашага цвету па ўсяму свету! Пайду i сёння з Вераю. Эх, мілка-растапырка мая! — i раптоўна абхапіў тую, сціснуў. Вера завішчэла, як ушчэмленае ў плоце парася.