Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 28

Генрых Далідовіч

Янка слухаў i асцерагаўся, каб Супраневіч не разгаварыўся. Яго не так вабілі Сцяпанавы гамонкі, як вабіла Сцяпанава хата. Ён раз за разам пазіраў на акно. З хаты каторую ўжо хвіліну чуўся малады, здаровы хлапечы смех i прытворны дзявочы енк.

— Я вот што хацеў у цябе, Янка, запытаць,— нібы адгадаўшы яго запаветныя думкі, павярнуў гамонку на іншае Супраневіч.— Ці ж добра вы з'ездзілі на Шубін?

— Добра.

— A ў нас там, таўчы яго камары, нізкі луг,— уздыхнуў Супраневіч.— Але ўсё роўна прыйдзецца ехаць. Няма чаго чакаць. Відаць, у панядзелак i мы пададзімся.

— Ест хто ў вас, дзядзька Сцяпан? — запытаў Янка, хоць i сам добра ж чуў піск i енк у хаце.

— Ды найшло,— без ніякай злосці адказаў гаспадар. I сам ён, i ўсе ў вёсцы прывыклі: цяпер толькi ў яго хаце вячоркі, прыстанішча для маладых. Кіўнуў на цьмянае акно.— Чуеш жа, бушуюць! Спярша, пад вечар, дзяўчаты прыйшлі, a нядаўна хлопцы ўкуліліся. Дык якое там цяпер вышыванне! Ну, ідзі i ты. I твая ж чарнявая сёння тут...

У хаце — яна была без перагародак — ужо ўцямнелася. I сцены, i вялікая пабеленая перад калядамі мелам печ адбівалі густы цень. Толькі светла шарэліся два невялікія акны — ад вуліцы i з двара. Зрывала нос ад тытунёвага дыму. Ён, здаецца, хмараю вісеў пад бэлькамі. Яго не паспяваў выцягнуць i адсунуты верхнік у печы. Як i заўсёды ў такую часіну, калі сталыя гаспадары на двары, a ў хаце цемень, маладыя скупіліся за печчу: туды, у закутак, дзяўчат, канечне ж, завалаклі хлопцы. На ложак i на тапчан. А тут, каля дзвярэй, на лаве i стале, ляжаць вунь толькі невялікія абручыкі з белым палатном ці ўжо i з вышытымі ўзорамі ды кутасікамі ручнікі, дарожкі — тая зачэпка, дзеля якой, як увосень, да каляд, з кудзеляю, з калаўротам ці з пер'ем, кожнай сталейшай дзяўчыне, якая ўжо заглядваецца на хлопцаў, можна выйсці з хаты на Сяло, да моладзі.

Бацькі ды маткі добра ведалі, чаго сыходзяць з дому іхнія сыны ды дочкі, ідуць да Чорнага — для гуляў, дурыкаў! — але дзе ты каго ўтрымаеш, калі таго цягне туды магнэзам!

— Вой, каб ты спруцянеў! Нехта ж ідзе,— завішчэла за печчу Вера Чорная, пляменніца гаспадара хаты, дачка Міхайлы Супраневіча, вырываючыся, відаць, з нечых абдымкаў.

— Гы-гы-гы! — зарагатаў Уладак Дземідовіч, сын янкавінскага старасты. Ад гэтага сакавітага, знарочыста моцнага смеху аж ускрыквалі пад печчу куры. Уладак быў хлопец паганы; перад дужымі ліслівіў, са слабых здзекаваўся; характар меў скрытны, хітры i двурушлівы.

Непадалёку сядзеў i падтакваў яго хаўруснік, Антон Емельяновіч.

Янка падышоў да маладых. I хлопцаў, i дзяўчат на ложку i на тапчане было як мух увесну на шыбіне. Хлопцы былі відаць па цыгарках: здаецца, кожны — жук i жаба — трымаў у зубах піпку. Яны свяціліся ружовымі вочкамі. Як каторы зацягнецца, дык агеньчык пабольшае, аж асвеціць губы з нахабнаю ўсмешкаю, дзюбку носа i няголеныя шчокі, ніз калматай авечай вушанкі. Хлопцы — тыя, каго зганьбавалі ці яшчэ не ўзялі ў войска, ці тыя, што ўжо выцягнуліся, як маладыя дрэўцы, i сёлета-налета пойдуць у войска. Дзяўчаты ўсякія. Маладзенькія, перастаркі.