Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 31

Генрых Далідовіч

Яна не разумела, што ні ў чым не вінаватая. Сама маці прырода падарыла ёй прыгажосць, на зайздрасць i здзіўленне людзям.

У кожным пакаленні ў Янкавінах, казалі, былі красуні. Яны ўмелі глыбока адчуваць душою i сэрцам, міжволі сваёю красою ды тым чалавечым уменнем зводзілі з розуму тутэйшыя вёскі. У іхняй гэтай красе, адчуванні быў найвялікшы дар прыроды. Ім, гэтым красуням, было дадзена шмат таго, што можа дацца чалавеку,— здольнасць паўнакроўна, з захапленнем адчуваць, скажам, хараство глыбокага блакітнага неба, першай нясмелай жаўтаватай зеляноты, прыгажосці квітнеючых садоў, жоўтага лісця, загадкі цёку вады ў рэчцы, усе тонкасці чалавечых узаемаадносін, кахання. Праўда, гэты вялікі дар быў часамі i вялікім цяжарам. Не кожная красуня магла панесці яго сама, не кожную маглі зразумець людзі — асабліва людзі зайздросныя, незычлівыя, зламысныя. Яны не разумелі ненаўмысна i наўмысна. He прымалі надта іншага, чым самі ведалі, кахання. Красуні хацелі не грубасці ці заземленай прывычкі, няўвагі, а жадалі дабрыні, пяшчоты, далікацтва, найвялікшай тонкасці ў абыходжанні ды каханні ад мужчын, мужоў, а тыя ці не ўмелі, ці грэбавалі гэтым, грубілі i прыносілі шмат мук i пакут сваім абранніцам — тым, каго, бывала, дабіваліся з цяжкасцю. Было, гэтыя красуні не толькі пакутавалі, але i шукалі шчасця з іншымі, больш адчувальнымі — гэта значыць грашылі, за што вёска ix жорстка асуджала, не дазваляючы ім выяўляць сваю багатую адчувальнасць. Таму былі выпадкi i забойстваў, самагубства. Бо амаль кожнае такое, грэшнае, забароненае, каханне не прыводзіла да дабра, разбурала лад у некалькіх сем'ях адразу. Бадай, лёс кожнай красуні быў рэдка шчаслівы, a найбольш быў трагічны.

Цяпер вось вырасла красуняю ў Янкавінах Зося. Цяпер у ёй сабралася ўся тайна хараства, чары, цяпер яна пачала заварожваць хлопцаў, выпрабоўваць ix сэрцы i душы, сама ісці ў жыццё з невядомай місіяй.

З двара вярнуліся гаспадыня Паўліна i старэйшая нявестка Аўдоля. Кожная прынесла па абярэмку дроў. Янка зірнуў на ix толькі на міг, зноў перавёў вочы на Зосю — тая нацягнула на круглы абручык палатно, заціснула яго другім, крышку большым, i начала вышываць. Дарожку на ложак. Больш у яго, Янкаў, бок не пазірала. А яму так хацелася ўбачыць яе цёплы позірк, што супакоіў бы, сагрэў яго душу.

Каля акон у двары загаманілі дзеці — вярнуліся з коўзанкі. Цяпер ім можна было ўжо заходзіць у хату: ix ужо ніхто не будзе выганяць.

Неўзабаве i ўсыпаліся плоймаю. У валёнках, лапцях, кажушках, з насунутым i на вочы авечымі i вялікімі — вайсковымі — вушанкамі. Усе ўспацелыя, з мокрымі валасамі на лобе i на шыі, з чорнымі рагамі поту на шчоках. Той-сёй i з засохлымі слязьмі. Зайшлі за гаспадаровым родным братам Міхайлам i яго жонкаю Настуляю, стоўпіліся ў парозе, піхаючы адно аднаго ў плечы ды хіхікаючы, пасля, калі гаспадыня сказала, што можна садзіцца, паселі на лаве i на зэдліках пры печы.