Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 27

Генрых Далідовіч

— Ну ідзі, Янка, не будзем табе замінаць...— запынілася каля Супраневічавага плота Кацярына.— Удачы табе... Мы з табою ці з вашаю Кастусяю яшчэ пашэпчамся. У нас ёсць адна сакрэтная размова...

«Канечне ж, пра Алеся...— здагадаўся.— Можа, i сёння нешта сказала б, каб не гэтыя цытры...»

5.

Гаспадар, Супраневіч, яшчэ таптаўся каля хлява. Здаецца, мяшаў пакалкам у цэбры сечку.

Янка зірнуў на яго цёмную, сагнутую постаць толькі на міг, адразу ж перавёў вочы на маленькае акно: хто там, у хаце?

— Пачакай, Янак,— пазнаушы i ўпоцемку, затрымаў яго Супраневіч. I тут жа хутка, угнуўшыся, пашыбаваў па двары сюды, да нізкай, накрытай саломаю хаціны. Высокі, тонкі, худы, як царкоўная мыш. Недзе адных з яго бацькам гадоў. Заядлы сябрук з іхнім Алесем. Любяць абодва пагаманіць пра палітыку, пра жыццё-быццё, чытаць газеты i тоўстыя кнігі.

Супраневіч — чалавек шчыры, даверлівы, ахвочы не толькі да навін i чытання, але i да гамонкі. Загавары з ім, папытай ці раскажы сам пра што — дык цябе надоўга не адпусціць, без канца будзе баяць байкі. У яго, як ні ў кога з мужчын у вёсцы, нейкая патрэба гамонкі пра жыццё-быццё. I са сваімі людзьмі, i з чужымі. Адны яго хваляць за розум i паважнасць, іншыя пасміхоўваюцца, лічаць за дзівака, дамарошчанага праўдалюбцу i філосафа ды за таго чалавека, што без патрэбы праз цягу да чытання ссушыў свае мазгі, парушыў розум. Быў некалі да сарака гадоў непісьменны, чалавек як чалавек, казалі ў Янкавінах, а потым падбіўся да прыезджага настаўніка, i той ад суму ў зімовыя вечары навучыў яго чытаць i пісаць. Супраневіч, стаўшы «вучаным», завёў судовую цяганіну ca Свістуновым за сенакос, што за янкавінскаю рэчкаю, лічачы яго гуртовым, а не панскім. Акружны суд у адзін час схіляўся на ix бок, але Свістуноў падмазваў, i вышэйшы суд перасудзіў усё на карысць пана. Супраневіч са сваёю пісанінаю дайшоў аж да сената. Хацеў пісаць i на імя самога цара, але калі тутэйшыя ўлады прыстрашылі, што сашлюць у Сібір,— здаўся, перастаў судзіцца. Памагаў толькі складаць янкавінцам, налібачанам i прудзянам скаргі ды прашэнні.

Супраневіч падышоў, падаў невялікую чэпкую руку.

— Нешта позна вы ўходжваецеся, дзядзька,— паціскаючы руку, прамовіў Янка, пазіраючы цяпер на яшчэ болей цёмны, як у цыгана, Сцяпанаў твар, адвіслую ніжнюю тоўстую губу i гарбаты на пасяродку i загнуты да верхняй губы нос. Усе Чорныя падобныя. Як на адзін капыл.

— Ды забавіўся, таўчы яго камары. Хоць i гаспадарка тая, як у пагарэльца...

— Чыталі, пэўне...— усміхнуўся Янка.

— Aгa,— шморгнуў рукавом нявыдубленага не то белага, не то шэрага кажушка пад носам Супраневіч.— Даў ваш Алесь «Нашу ніву», дык чытаў, пакуль відаць было. Надта ўсё чытэльна. I пра гаспадарку, i пра свет, i складанцы ўсякія, i вершыкі... I смешнае бывае... Гэтую газэтку я лепш люблю чытаць, чым тыя, што Сяргеенку прыходзяць. Ды Сяргеенка надта i не дае чытаць. Крывіцца: можа, i не хоча, таўчы яго камары, каб i ты, просты чалавек, тое, што i ён, ведаў. Хоць, я табе скажу, нічога з тых яго газэт надта не ўведаеш. Брэшуць на чым свет стаіць...