Читать «Гаспадар-Камень» онлайн - страница 25

Генрых Далідовіч

Кацярыніны спадарожнікі кіўнулі галовамі ў адказ, хацелі хутчэй мінуць. Ён жа не пара ім, ніколі не меў з імі ніякіх адных інтарэсаў, а па-другое, яны непрыяцелі: i Петухоў, i Дзяжко ды Гарбуковіч ненавідзелі Алеся, усяк стараліся ўтапіць яго. Можа, i з-за зайздрасці, што таго паважаюць людзі, што да яго хінулася ў свой час Кацярына, i што той папікаў ix за знявагу простых людзей, за фанабэрыю i марнатраўнае жыццё.

— Ваня! — запыніла яго Кацярына.— Подожди. Я провожу тебя.

I праўда, адстала, памкнулася да яго. Высакаватая, гонкая. Нібы i не кабета, а усё яшчэ дзяўчына. Вялікія глыбокія вочы, роўны нос. Твар белы, якi не бачыць ніколі сонца. Вельмі наглядная. Але краса яе нейкая застылая, халаднаватая. Недарэмна ж людзі кажуць: калі чалавек вельмі прыгожы, дык ён халодны, чэрствы, любіць толькі самога сябе.

Кацярына падышла, узяла яго пад руку. Павяла. Сэрца яго забілася-забілася. Ад няёмкасці, збянтэжання.

— Кацярына Юр'еўна! А мы? — дурасліва паскардзіўся Дзяжко.— Ды i Арнольд Апанасавіч раўнаваць будзе!

— Адчапіцеся! Вы мне ўсе надакучылі,— амаль не азіраючыся, адказала ім Кацярына.— У мяне да Вані ёсць адзін інтарэс.

— I мы з табою...— пачуўся спеставаны голас меншай папоўскай дачкі, весялухі Машы. Пакуль Кацярына паспела толькі ўздыхнуць ад незадавальнення, абедзве пападзянкі, як кабылкі, зацокалі да ix. Дагнаўшы, невысокая Маня ўзяла яго пад руку, а старэйшая пападзянка, доўгая, як жэрдзіна, худая Валя — Кацярыну.

— Фу, Янка,— фыркнула Маня.— Ну i смярдзіць твой кажух! Аж нос зносіць.

«А хто цябе, такую пані, прасіў ліпнуць?» — ca злосцю падумаў ён.

— Кажух як кажух,— адказаў.

— Але пад гэтым авечым кажухом рыцарскае сэрца, Машачка,— не то жартам, не то ўсур'ёз прамовіла Кацярына.— Не адна вясковая дзяўчына ўздыхае, моліцца, хоць бы зірнуў на яе Ваня. I не дзіва: такі слаўны хлапчына! За ім жонка любая будзе як за сцяною!

— Маладзец супроць авец, а супроць малайца — сам аўца...— пажартаваў ён.

Маша задаволена хіхікнула.

— Не нагаворвай на сябе, Ваня,— не пагадзілася Кацярына.— Хто-хто, а я вас, Нямкевічаў, ведаю... На цябе, па-другое, i так нагаворваюць. Каб зняславіць. А ты... Ды што казаць! Ты з Нямкевічаў!

Яму была прыемная гэтая пахвала. Каму не радасць, калі цябе i тваю радню так хваляць? Хоць i ведаеш, той, хто хваліць, i не зусім добры чалавек. Толькі было дзіўна: чаму раптоўна так расшчодрылася гордая красуня Кацярына на такія цёплыя словы?

Прамаўчаў. Пазіраў, як у Засценку атухала полымя — спачатку яно спала, толькі памігцела нейкі міг у вачах, пасля раптоўна хлынула на вёску цемната.

Ззаду кавалеры-ганарліўцы ўсё яшчэ ўпрошвалі Кацярыну вярнуцца да ix. Ім не хацелася ісці ў тую кампанію, куды імкнуўся Янка. Самае вялікае — яны калі-нікалі заходзяць на вечарынкі ў Засценак — да шляхты.

«Не дай бог, каб была дома Зося i ўбачыла мяне з акна ў гэтай кумпаніі...— з жалем падумаў Янка.— I блізка тады не падпусціць да сябе. Адгоніць з пагардаю: бяжы да тых, з кім пад ручку шпацыраваў!»