Читать «Вужык. Голуб на плячы. Дак» онлайн - страница 8

Анатоль Бароўскі

На экране тэлевізара мільгалі кадры нейкай кінахронікі – будаўнікі з вясёлымі і шчаслівымі тварамі ўзводзілі дом. Насілі раствор і цэглу, працавалі з імпэтам і паказвалі ўсяму свету, што яны самыя задаволеныя і шчаслівыя людзі на зямлі. Усміхаліся, мусіць жа, аператару, што здымаў іх, а што было ў кожнага на душы, можна было толькі здагадвацца… Гучэла ў дадатак бадзёрая, музыка, і ўсе гледачы павінны былі разумець, што гэта гучыць апафеоз найшчаслівейшага жыцця ў самай шчаснай краіне свету – вялікім і непарушным эсэсэсэры…

А Васіль памятаў добра, як ён падымаўся на рыштаванні. Холад і голад праймалі яго юначую, яшчэ дзіцячую душу. Каб выжыць у гэтым жорсткім і несправядлівым свеце, ён браўся за работу ў выхадныя дні – клаў з былымі фэзэвушнікамі падвалы і сцёпкі, падмуркі пад прыватныя дамы… Людзі давалі нешта і ўкусіць, і капейчына нейкая перападала…

Усё ж выпадалі ніштаватыя дні, калі не вуркатаў страўнік, калі на галодны дзень быў прыхаваны ладны кавалак сала…

Цэнтральная вуліца Гомеля – гэта яго дамы.

Ён клаў сваімі рукамі цэглу, узводзячы сцены тых дамоў. Бальніца, гасцініца, жыллё...Ці ўспомніць яго хто-небудзь калі добрым словам? Ці падзякуе? Наўрад ці… Але ці трэба яму тое? Пэўна ж, не, ні ў героі, ні і ў вядомыя асобы ён не імкнуўся, – проста выконваў сваю работу, каб выжыць, не памерці з голаду, і болей ні пра што не думаў… Як і не думалі сотні і тысячы такіх жа хлапцоў і дзяўчат, якія ніколі не выстаўлялі сябе – усе яны былі грамадой, безаблічнай масай, якой кіравалі, загадвалі, якую каралі, прыгняталі… Яны былі працоўным калектывам, і кожны з іх згодна маральнага кодэксу будаўніка камунізму будаваў той камунізм – савецка-бальшавіцкі рай…

Калі ж стрэлкі наблізіліся жа апошняй лічбы і павінны былі вось-вось ударыць куранты крамлёўскага гадзінніка, ён пацалаваў жонку, усміхнуўся:

– За цябе. Каб здароўе было. Каб радасць у сэрцы не гасла. Шчасця табе, Марына, і каб ты не насіла перадачы свайму мужу…

Яна засмуцілася і абрадавалася адначасова. Ён напомніў пра яго, іхні агульны боль, але сказаў тое голасам павесялелым, не прыгнечаным, ад чаго адразу знялося даўкае напружанне, і ён, Васіль, стаў ранейшы – уважлівы і чулы, упэўнены і спакойны, таму радасна прамовіла:

– Дзякую, Васіль. І за цябе, мой дарагі. Каб усё было добра ў тваім жыцці.

– У нашым жыцці, – паправіў ён яе.

– Ну, хай будзе так…

А праз тры дні яму неабходна было з’явіцца ў пракуратуру – выклікаў следчы на “сяброўскую сустрэчу”.

Па факце смерці рабочага брыгады ўжо афіцыйна была заведзена крымінальная справа.Наперадзе была поўная невядомасць. І – цемра…

... У той дзень пагубляліся каровы.

Ён і не заўважыў, як яны адна за адной распаўзліся ў розныя бакі – такога яшчэ не было ніводнага разу. Адчуваў ён сябе блага – нудзіла цэлы дзень, ногі былі як ватныя, іх курчыла, ламала, як хто шпыраў іх тоўстай іголкай.

Паводзіў гэтак жа сябе і вужык, сцішыўшыся пад сарочкай.

Васільку здавалася, што яго абклалі з усіх бакоў ільдом. Таму ён дастаў вужыка і паклаў у кішэню – вужык і там не варушыўся.